Reform.news

У мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава, прысвечаная рэальным і фантастычным жывёлам — фотафакт

Reform.news · 8 ноября 2026, 15:32

https://reform.news/u-minskaj-galerjei-mihaila-savickaga-adkrylasja-vystava-prysvechanaja-rjealnym-i-fantastychnym-zhyvjolam-fotafakt/

Выстава анімалістычнага жанру «Zooart II. Мастацтва на лапах» адкрылася ў галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі — 160 работ скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва і графікі, выкананых 76 аўтарамі.

«Анімалістычная тэматыка адначасова знаходзіцца ў баку ад мэйнстрымных працэсаў у культурным жыцці краіны, і пры гэтым не губляе папулярнасці ў коле беларускіх мастакоў і нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледача», — пішуць у анатацыі выставы.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Zooart II. Мастацтва на лапах». Фота: Музей гісторыі горада Мінска

Групавыя выставы на сапраўды актуальныя тэмы даволі рэдкія на мінскіх арт-пляцоўках (напрыклад, пейзаж, жанчына і народнае мастацтва – тэмы бягучых выстаў, вельмі папулярныя ў розных інстытуцыях выставы з фондаў), а анімалістычны жанр – бяспечная ніша, куды могуць міграваць мастакі без асаблівых палітычных наступстваў.

 Фрагменты экспазіцыі выставы «Zooart II. Мастацтва на лапах». Фота: Музей гісторыі горада Мінска

Тым больш, што анімалістычны жанр — самы старажытны. Вобраз жывёлы спадарожнічае чалавецтву ад першых мастацкіх рэфлексій часоў верхняга палеаліту.

Сённяшнія мастакі імкнуцца злавіць жывую дынаміку жывёльнага свету і праз дакладны рэалізм, і праз смелую стылізацыю. Пры гэтым скрупулёзнае вывучэнне прыроды часта саступае месца фантазіі і міфам. Тым больш, што выстава падрыхтаваная секцыямі скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва і графікі Беларускага саюза мастакоў, а значыць — падыходы да формы прадстаўнікоў гэтых відаў мастацтва істотна розняцца. Да ўдзелу ў выставы запрасілі і студэнтаў.

Творы з экспазіцыі выставы «Zooart II. Мастацтва на лапах». Фота: Музей гісторыі горада Мінска

Выстава будзе працаваць да 29 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий