У Ветцы з’явіцца вуліца Фёдара Шклярава — заснавальніка ўнікальнага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый

Культура
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый

У беларускім горадзе Ветка нарэшце з’явіцца вуліца імя Фёдара Шклярава — найбольш вядомага ўраджэнца і дзеяча горада, — заўважыў «Флагшток». Дагэтуль імя Шклярава насіў толькі заснаваны ім Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

16 красавіка з апублікаванага рашэння Веткаўскага райсавета дэпутатаў стала вядома, што ў гонар Фёдара Шклярава назавуць вуліцу.

Да Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, заснаванага Шкляравым, вядуць вуліцы Леніна, Савецкая і Першамайская, аднак ніводная з іх перайменаваная не будзе, — заўважае аўтар допісу.

«Гаворка ідзе пра вуліцу, якая прануецца ў новым раёне пяціпавярховай забудовы на паўночнай ускраіне горада. Мікрараён у 2022 годзе толькі пачаў забудоўвацца, таму дальняя вуліца Шклярава на дадзены момант выглядае як калгаснае поле. Мікрараён плануюць дабудаваць у 2035 годзе. У тым жа мікрараёне «кампанію» Шкляраву будуць складаць чырвонаармейцы-ураджэнцы Веткаўшчыны Іван Макаранка і Павел Буйневіч», — піша «Флагшток».

Фёдар Шкляраў (1925-1988) быў ураджэнцам Веткі, выхадцам са стараабрадніцкага роду. У аснове Веткаўскага музея ляжыць яго асабістая калекцыя. Мастак, майстар, калекцыянер, краязнаўца, ён аб’ехаў увесь рэгіён, каб сабраць унікальныя калекцыі абразоў XVIII–XIX стагоддзяў, старадрукаваных і рукапісных кніг XV – пачатку XX стагоддзяў, прадметаў побыту.

У лістападзе 1978 года мясцовыя ўлады пастанавілі стварыць Веткаўскі музей народнай творчасці (такую назву музей меў да лютага 2011 года). Фёдар Рыгоравіч стаў першым дырэктарам музея, а пастаянная экспазіцыя была адкрыта 1 лістапада 1987 года на трох паверхах у адрэстаўраваным і рэканструяваным гістарычным будынку — доме купца Грошыкава, уключанага ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Папаўняць калекцыі, збіраць матэрыялы, запісваць бясцэнныя звесткі жывога народнага асяроддзя Шкляраў працягваў да самай смерці ў 1988 годзе.

Ягоны музей уключаны ў маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны», пастаянна прымае наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Сёння музей — навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: