Прадзюсарская ініцыятыва Inexkult ладзіць Другі фестываль беларускага тэатра. INEX FEST II пачнецца 24 верасня спектаклем «Frau mit Automat» ад тэатра «Крылы халопа» — аўтабіяграфічнай драмай, якая складаецца з некалькіх частак і адлюстроўвае розныя ідэнтычнасці жанчыны: Жонка, Маці, Каханка, Ахвяра, Фурыя.
28 верасня пройдзе спектакль «З@.МОВА» рэжысёра Максіма Шышко (ByTeatr), у якім спалучаюцца фальклорныя спевы Палесся і традыцыйныя рытуалы ў мастацкай апрацоўцы, а важную ролю адыгрываюць музыка і візуальныя элементы.
29 верасня пакажуць «Mozaika» aд Brave Banda, спектакль пра беларусаў, якія перажываюць ужо не першую эміграцыю. Гэта дыджэйскі сэт са шчырымі дакументальнымі размовамі пра культуру, свабоду, мову, знешнасць, час і каханне, пра барацьбу за свае правы, пошук працы і легалізацыю.
9 кастрычніка пройдзе спектакль «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» рэжысёркі Жэні Давідзенка. Спектакль — спроба паглядзець на эміграцыю як на абнуленне і пачатак усяго наноў. У яго аснове — асабістая гісторыя рэжысёркі, а таксама кампіляцыі лёсаў знаёмых і наведвальнікаў бара, дзе яна працуе.
Уваход на пералічаныя спектаклі вольны, але неабходная рэгістрацыя, каб атрымаць месца ў залі.
Тэатральны фэст працягнецца да канца года, арганізатары просяць адсочваць даты наступных спектакляў.
Праект фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту ў рамках конкурсу Міністра замежных спраў Польшчы «Dyplomacja Publiczna 2024».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram