У Варшаве распачынаецца Warsaw Gallery Weekend — буйны фестываль мастацтва. Беларусы таксама ўдзельнічаюць

У гэты чацвер, 28 верасня, у Варшаве стартуе вялікі фестываль мастацтва — Warsaw Gallery Weekend. Будуць працаваць 44 выставы, прадстаўленыя 37 галерэямі.

Асноўная частка WGW будзе доўжыцца да нядзелі, 1 кастрычніка. Праграма суправаджаючых мерапрыемстваў прадоўжыцца да канца кастрычніка.

Уваход на ўсе выставы падчас фестывалю бясплатны.

Па словах арганізатараў, гэта мерапрыемства ўяўляе сабой альтэрнатыву для традыцыйнай дэманстрацыі культуры толькі ў дзяржустановах.

Арганізатары кажуць, што ў гэтым годзе сярод мастакоўскіх тэмаў дамінуюць матывы, звязаныя з целам і ідэнтычнасцю, тэхналогіямі і развіццём штучнага інтэлекту, станам нашай планеты ў варунках кліматычнага крызісу, а таксама з памяццю.

У адной з варшаўскіх лакацый — у галерэі WANDA — будзе працаваць выстава беларускай мастачкі Ксеніі Грыцкевіч «Ear Piece».

Ксенія Грыцкевіч. Ледавік. 2023. Фота прадастаўлена аўтаркай.

«Асноўны матыў маіх твораў — унутраныя галасы, унутраныя дыялогія, якія мы вядзем з сабой, — расказала Reform.by мастачка Ксенія Грыцкевіч. — Гэта таксама пра тое, якімі мы можам быць для саміх сябе — часам клапатлівымі і ўважлівымі, а часам — крытычнымі».

У карцінах аўтаркі дамінуюць матывы з шэптамі і прыслухоўваннямі. Таму мастачка пачала шукаць гукавое суправаджэнне для сваёй экспазіцыі. Польская кампазітарка Антаніна Навацка стала яе суаўтаркай не толькі ў музычным суправаджэнні выставы, але і ў візуальным — яна паказала свае фатаздымкі кветак, якія здымае ў розных краінах і трактуе як іншапланетных істот.⁣⁣

У Warsaw Gallery Weekend таксама ўдзельнічае Музей вольнай Беларусі. Там будзе прадстаўлена ўроцлаўская галерэя Krupa з выставай польскага аўтара Паўла Басьніка „Umierająca Gaja”.

Павел Басьнік „Umierająca Gaja”. Фота: goout.net.

28 верасня — 1 кастрычніка ўсе галерэі, што ўдзельнічаюць у фестывалі, будуць даступныя з 11: 00 да 19: 00. Поўны спіс галерэй і праграма суправаджальных мерапрыемстваў — на сайце Warsaw Gallery Weekend.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!