Фатаздымак 1920-х. Фота: historyja
29 ліпеня 1939 года Вярхоўны савет БССР афіцыйна замацаваў назву сталіцы «Мінск» замест «Менска».
Гэтае перайменаванне было выкліканае ўзмацненнем рэпрэсіяў супраць беларускіх нацыянальных кадраў і з’явілася замацаваннем расеізацыі на ўзроўні назваў мясцін, — піша тэлеграм-канал historyja.
Першая згадка пра горад сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (1067 год) як пра Мѣньскъ (Меньск) — ад назвы ракі Менка. У далейшым у летапісах і дакументах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай замацавалася форма «Менск» — менавіта так горад называлі мясцовыя жыхары на старабеларускай мове.
Аднак у лацінамоўных тэкстах Менск сталі пісаць як Minscum. Гэта форма перайшла ў польскую мову.
У XIX стагоддзі, пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі, у афіцыйных дакументах пачаў пераважаць варыянт — «Мінск». Новыя ўлады транслітаравалі назвы беларускіх гарадоў з польскага варыянту.
У БССР падчас перыяду беларусізацыі 1920-х было чатыры дзяржаўныя мовы. Прычым на ідышы, польскай і расійскай горад пісаўся праз літару «і», а па-беларуску — праз «е». З 1930-х пачалася татальная русіфікацыя, напрыклад, у 1933-м была зменена арфаграфія беларускай мовы з мэтай наблізіць яе да расійскай, а ў 1939 заменены «Менск» на «Мінск».
5 верасня 1991 года Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў накіраваў Вярхоўнаму Савету просьбу пра вяртанне беларускай і гістарычнай назвы «Менск», але большасці галасоў гэта прапанова не набрала.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram