У Варшаве назвалі пераможцу фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja»

10–11 красавіка ў Варшаве праходзіў фестываль сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja». Ён стаўся фіналам конкурсу для драматургаў, які арганізаваў Беларускі Інстытут тэатра.

Падчас фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja». Фота: Марыя Карнеенка.

На конкурс аўтары падалі 66 п’ес, з іх прафесійным журы было адабрана 5. Над кожным драматургічным тэкстам з кароткага спісу папрацаваў рэжысёр, і вынікі паказалі ў Варшаве ў выглядзе перфарматыўных чытанняў.

«Рудая вавёрка» Хасі Корневай, рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Фота: reform.news

Пасля кожнага чытання адбываліся абмеркаванні з удзелам аўтараў і тэатральных крытыкаў.

Жыццё чалавека ў часы перамен, войнаў, пераследу, няпростых выбараў, пошук ідэнтычнасці – у пяці спектаклях-чытках увасобіліся вострыя, надзённыя тэмы. Некаторыя з гэтых тэмаў заснаваны на дакументальных гісторыях, напрыклад, апошні міні-спектакль «Рудая вавёрка» (Хася Корнева, рэжёсёр Аляксандр Енджэеўскі) наведалі яго галоўныя гераіні, дзве дзяўчыны, якія, атрымаўшы ў Беларусі «хімію», перайшлі мяжу і апынуліся спачатку ў Літве, а пасля ў Польшчы. А некаторыя былі вырашаны ў сюррэалістычным ключы, бо як жа іначай асэнсаваць нашу сённяшнюю рэальнасць.

Падчас абмеркавання спектакля. Фота: Марыя Карнеенка.

Сярод апошніх — п’еса Рэнаты Талан «Лімб» (рэжысёркай паказу стала Жэня Давідзенка), якая і стала пераможцай конкурсу. Неверагодная, але цалкам рэальная ў нашых умовах гісторыя, зазнае метамарфозы і ператвараецца ці то ў маркесаўскі, ці то ў кафкіянскі сюжэт. А галоўная гераіня, якая развітвалася з памерлымі ў Беларусі ад імя іх родных, што знаходзяцца за мяжой і не могуць праехаць на пахаванні, апынаецца ў яго палоне.

«Месцы, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч, рэжысёрка Бажэна Шамовіч. Фота: Марыя Карнеенка.

Арт-дырэктарка фестывалю Валянціна Мароз заўважыла, што некаторыя з аўтараў тэкстаў застаюцца ў Беларусі і выступаюць пад псеўданімамі (у тым ліку пераможца конкурсу). Яна не чакала, што так шмат людзей наведвае фестываль. І выказала спадзеў, што праз год адбудзецца наступная «Dramatyzacja».

Арт-дырэктарка фестывалю Валянціна Мароз (злева) на ўручэнні ўзнагарод драматургам. Фота: reform.news

Фестываль сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja» безумоўна варты асобнай размовы, таму неўзабаве яму будзе прысвечаны асобны матэрыял, дзе мы раскажам пра ўсе п’есы з кароткага спісу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!