У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»

Мастачку Ганну Каран з поўным правам можна назваць пейзажысткай. Калі гарадскія краявіды ў яе больш-менш фігуратыўныя, у іх аснове чытаецца канкрэтныя матывы, сплаўленыя мастакоўскай экспрэсіяй у выразны клубок эмоцый, то прыродныя віды аўтаркі максімальна канкрэтныя. Мастачка выкарыстоўвае сапраўдныя кветкі і травінкі-галінкі ў якасці трафарэта, стварае з прыродных форм гарманічныя па колеры напаўабстрактныя жывапісныя палі.

Экспазіцыя выставы Ганны Каран «Сукенкі за свабоду». Фота: Reform.by.

Часам у свае гарадскія краявіды мастачка дадавала элементы калажу ў выглядзе прыклееных прадметаў. Пашырэнне межаў жывапіснай карціны стала яе творчай праграмай. Нездарма ёй было цесна у межах акадэмічнага жывапісу і пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў Ганна Каран пачала вучыцца ў Акадэміі мастацтваў у Празе на кафедры сучаснага жывапісу.

Ганна Каран на выставе «Сукенкі за свабоду». Фота: Reform.by.

На выставе ў Музеі вольнай Беларусі Ганна паказала аб’екты, сукенкі, залітыя эпаксіднай смалой, якія магчыма ўспрымаць толькі як частку гісторыі, а дакладней — як выніковую кропку своеасаблівага палітычнага перформансу.

Падзеі 2020 года ў Беларусі Ганна Каран назірала з Прагі, і гэта было балюча, падзялілася мастачка сваім ўражаннямі на адкрыцці выставы. У выніку яна задумала стварыць умоўныя партрэты беларускіх жанчын, праект, які будзе складацца з іх гісторый, бо яны «выйшлі і сказалі сваё слова і не пабаяліся абсалютна нічога«.

Экспазіцыя выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду». Фота: Reform.by.

За кожнай сукенкай стаіць асобная гісторыя жанчыны. Мастачка прасіла сваіх гераінь выбраць сукенку ці любое адзенне, якое яе ўвасабляе. Пасля з дапамогай эпаксіднай смалы ператварала адзенне ў аб’екты, фактычна ў скульптуры, паверхню якіх пакрывала адбіткамі раслін. «З кожнай сукенкай у мяне па 3–4 месяцы быў унутраны дыялог. Я мусіла зразумець, што я павінна зрабіць з гэтай сукенкай, каб адлюстраваць гераіню», — расказвала мастачка пра сваю працу.

Экспазіцыя выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду». «Рука дапамогі». Фота: Reform.by.

Ёй было важна паказаць розных жанчын: медыкаў, спартовак, настаўніц, палітыкаў і хатніх гаспадыняў. Іх лёс таксама склаўся па-рознаму: нехта выратаваўся і жыве за мяжой, нехта застаецца ў Беларусі і чакае блізкага чалавека з турмы, а нехта — у зняволенні.

Экспазіцыя выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду». Фота: Reform.by.

У гэтых аб’ектах, як і ў іх назвах, шмат што зашыфравана і прыхавана. Не толькі некаторыя імёны, якія нельга называць, але і схаваныя ў складках адзення рэчы — відавочныя і невідавочныя. Напрыклад, твор пад назвай «Мой крыж» гэты крыж і ўтрымлівае, ён пра гісторыю жонкі палітзняволенага. А адзенне журналісткі мае назву «Праўда ў маім рукаве». Сукенка пад назвай «Чалавек» належыць сястры забітага падчас пратэстаў мастака. «Рука дапамогі» — пра змаганне за любоў. Сама ж мастачка тлумачыць, што ўнутры эпаксіднай смалы, якой залівае сукенкі, яна захоўвае энэргетыку жанчыны, якая так моцна выявілася падчас пратэстаў.

«Я назіраю, як гэтыя жанчыны жывуць далей, які кожную з ёй чакаў лёс. Для мяне гэты праект застанеецца з адным галоўных у маім жыцці«, — расказала мастачка на адкрыцці.

Праект «Сукенкі за свабоду» будзе пашырацца, а выставу плануецца паказаць у іншых краінах. У Музеі вольнай Беларусі яна будзе працаваць да 11 лістапада.

Праект быў прафінансаваны горадам Варшава і Старамейскім Домам культуры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!