Мастачку Ганну Каран з поўным правам можна назваць пейзажысткай. Калі гарадскія краявіды ў яе больш-менш фігуратыўныя, у іх аснове чытаецца канкрэтныя матывы, сплаўленыя мастакоўскай экспрэсіяй у выразны клубок эмоцый, то прыродныя віды аўтаркі максімальна канкрэтныя. Мастачка выкарыстоўвае сапраўдныя кветкі і травінкі-галінкі ў якасці трафарэта, стварае з прыродных форм гарманічныя па колеры напаўабстрактныя жывапісныя палі.
![У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/10/1de833fd-61a7-4dd2-b44e-f340cd7a6f44.jpg)
Часам у свае гарадскія краявіды мастачка дадавала элементы калажу ў выглядзе прыклееных прадметаў. Пашырэнне межаў жывапіснай карціны стала яе творчай праграмай. Нездарма ёй было цесна у межах акадэмічнага жывапісу і пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў Ганна Каран пачала вучыцца ў Акадэміі мастацтваў у Празе на кафедры сучаснага жывапісу.
![У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/10/1f4e3df3-64d8-41a3-a3e9-56be67b5a95b.jpg)
На выставе ў Музеі вольнай Беларусі Ганна паказала аб’екты, сукенкі, залітыя эпаксіднай смалой, якія магчыма ўспрымаць толькі як частку гісторыі, а дакладней — як выніковую кропку своеасаблівага палітычнага перформансу.
Падзеі 2020 года ў Беларусі Ганна Каран назірала з Прагі, і гэта было балюча, падзялілася мастачка сваім ўражаннямі на адкрыцці выставы. У выніку яна задумала стварыць умоўныя партрэты беларускіх жанчын, праект, які будзе складацца з іх гісторый, бо яны «выйшлі і сказалі сваё слова і не пабаяліся абсалютна нічога«.
![У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/10/735c9f43-dc66-4b02-818b-f13fff08987a.jpg)
За кожнай сукенкай стаіць асобная гісторыя жанчыны. Мастачка прасіла сваіх гераінь выбраць сукенку ці любое адзенне, якое яе ўвасабляе. Пасля з дапамогай эпаксіднай смалы ператварала адзенне ў аб’екты, фактычна ў скульптуры, паверхню якіх пакрывала адбіткамі раслін. «З кожнай сукенкай у мяне па 3–4 месяцы быў унутраны дыялог. Я мусіла зразумець, што я павінна зрабіць з гэтай сукенкай, каб адлюстраваць гераіню», — расказвала мастачка пра сваю працу.
![У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/10/fb36e98b-597a-4388-bf53-d51e9637859e.jpg)
Ёй было важна паказаць розных жанчын: медыкаў, спартовак, настаўніц, палітыкаў і хатніх гаспадыняў. Іх лёс таксама склаўся па-рознаму: нехта выратаваўся і жыве за мяжой, нехта застаецца ў Беларусі і чакае блізкага чалавека з турмы, а нехта — у зняволенні.
![У Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду»](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/10/07764a9f-b759-442d-9e86-8a5b8ea9235d.jpg)
У гэтых аб’ектах, як і ў іх назвах, шмат што зашыфравана і прыхавана. Не толькі некаторыя імёны, якія нельга называць, але і схаваныя ў складках адзення рэчы — відавочныя і невідавочныя. Напрыклад, твор пад назвай «Мой крыж» гэты крыж і ўтрымлівае, ён пра гісторыю жонкі палітзняволенага. А адзенне журналісткі мае назву «Праўда ў маім рукаве». Сукенка пад назвай «Чалавек» належыць сястры забітага падчас пратэстаў мастака. «Рука дапамогі» — пра змаганне за любоў. Сама ж мастачка тлумачыць, што ўнутры эпаксіднай смалы, якой залівае сукенкі, яна захоўвае энэргетыку жанчыны, якая так моцна выявілася падчас пратэстаў.
«Я назіраю, як гэтыя жанчыны жывуць далей, які кожную з ёй чакаў лёс. Для мяне гэты праект застанеецца з адным галоўных у маім жыцці«, — расказала мастачка на адкрыцці.
Праект «Сукенкі за свабоду» будзе пашырацца, а выставу плануецца паказаць у іншых краінах. У Музеі вольнай Беларусі яна будзе працаваць да 11 лістапада.
Праект быў прафінансаваны горадам Варшава і Старамейскім Домам культуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: