У цэнтры Варшавы каля помніка Каперніку ўсталявалі арт-інсталяцыю «Нязломныя», прысвечаную палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» — Марфе Рабковай, Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму і Уладзіміру Лабковічу.
Упершыню сярод партрэтаў вясноўцаў няма Андрэя Чапюка — 18 красавіка ён выйшаў на волю, — паведамляе «Вясна».
Інсталяцыя ўяўляе сабой выкананыя з металу партрэты чатырох палітвязняў, праваабаронцаў «Вясны». Яе ў межах кампаніі салідарнасці са зняволенымі #FreeViasna стварыў беларускі мастак, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Еўропе.

Партрэты зробленыя з іржавай рашоткі, якая асацыюецца з калоніяй. Зблізку партрэты не разгледзець, але з адлегласці малюнак рашоткі ператвараецца ў чытэльныя выявы.

Паказ у Польшчы адбываецца дзякуючы супрацоўніцтву кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі #FreeViasna і Amnesty International Poland.
Варшава стала восьмым горадам, дзе быў прадстаўлены праект. Арт-інсталяцыя ўжо была паказана ў Бруселі, Капенгагене, Берліне, Познані, Вільні, Рызе і Празе.
Наведаць інсталяцыю можна да 7 ліпеня ў Кракаўскім прадмесці каля помніка Мікалаю Каперніку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram