31 сакавіка ў Музеі вольнай Беларусі адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Цемры — адной з яскравых аўтарак маладога пакалення беларускага сучаснага мастацтва. Выставачны праект мастачкі, вядомай сваімі эпатажнымі, на мяжы кітча, творамі, мае назву LAZARET.
«У сценах LAZARETа будзе паказана калекцыя карцін і арт-аб’ектаў, створаных за апошнія тры гады ў трох краінах: Беларусі, Украіне і Польшчы, — адзначаецца ў прэс-рэлізе да выставы. — Ад масіўнага жалобнага вэлюму 6х6 метраў з малюнкам дроту, да карцін, якія спалучаюць скульптуру і жывапіс».
Некаторыя з прац, паказаных на выставе, былі эвакуяваныя з Кіева ў пачатку вайны, падкрэсліваюць арганізатары.
«Творы мастачкі — візуальнае даследаванне траўмы, дзе бінты замяняюць палатно, — распавядаецца пра творчае выказванне Цемры. — Бінт як сімвал спагады і эмпатыя людзей адзін да аднаго. Гэты жэст паказвае важнасць спачування і падтрымкі, падкрэсліваючы каштоўнасць гэтых якасцяў у працэсе лекавання».
У прыватнасці, адна з прац мастачкі ўяўяляе сабой цалкам забінтаванае палатно; іншая — нагадвае хворую плоць, выклікаючы ў гледача суму разнастайных эмоцый, а адна карцін «трансфармуецца» ў прывід, які сыходзіць крывёй. Цемра «б’е» па самых розных пачуццях гледача, падключаючы і фізіялагічны момант успрыяцця твораў.
«У выстаўной прасторы, апісанай як лазарэт, мастацтва можа стаць снадзівам узаемадапамогі. Як і ў лазарэце, дзе людзі атрымоўваюць дапамогу і падтрымку ад медычнага персаналу, наведнікі выставы праз працы Цемры могуць выявіць новы ўзровень разумення і адчування культурнай траўмы і яе наступствы, прэпараваць свае пачуцці», — тлумачацца ў апісанні да праекта беларускай мастачкі.
Выстава будзе суправаджацца арыгінальным тэкстам культуролага, журналіста Максіма Жбанкова, дадаюць арганізатары. Таксама на адкрыцці экспазіцыі выступіць вакалістка гурта “Shuma” — Руся.
Адкрыццё эпатажнага праекта Цемры адбудзецца 31 сакавіка ў Музеі вольнай Беларусі (Foksal, 11), а 19.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: