Дабрачынны аўкцыён у трэці раз ладзіць Фонд Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich, які з 2021 года арганізоўвае Мірныя дамы для падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў.
Функцыянаванне гэтых дамоў адбываецца на сродкі, атрыманыя з гэтых аўкцыёнаў.
На цяперашні аўкцыён працы перадалі больш за 30 мастакоў, папярэдні адбор твораў на выставу ў варшаўскай галерэі «Piękna» рабіла куратарка Вольга Мжэльская. У гэтым годзе ўдзел прынялі і ўкраінскія аўтары.
Аўкцыён паспяхова адбыўся ўчора, 8 лютага, прыняць у ім удзел можна было як у самой галерэі, так і анлайн з дапамогай дзвюх інтэрнэт-пляцовак ці праз тэлефанаванне.
За найбольшую суму – 14 тысяч злотых – была прададзена работа маладога аўтара Аляксандра Адамава, у ёй ён выкрывае заганы сучаснага грамадства.
Цікавымі калекцыйнымі лотамі сталі нумар часопіса Time і ўкраінскі сцяг – абодва з аўтографамі генерала Валерыя Залужнага. Іх пачатковы кошт быў 100 злотых, у выніку сцяг прададзены за 4600 польскіх злотых, а часопіс — за 2000. Наборы марак, сярод якіх легендарны «Рускі ваенны карабель… усё», прадаліся за кошты ад 600 да 900 злотых, падняўшыся з пачатковай суммы ў 100 злотых.
Аўкцыён прайшоў паспяхова, сабрана 71 000 злотых, і гэта сумма можа вырасці. Прэзідэнт Фонду Катажына Скопец паведаміла, што гэтых сродкаў будзе дастаткова, каб пакрыць расходы на ўтрыманне Мірных дамоў для ўкраінскіх і беларускіх уцекачоў.
«Карысталіся попытам і графічныя работы, — падзялілася дэталямі аўкцыёну куратарка Вольга Мжэльская. — Твор Дзімы Каштальяна быў прададзены за 850 еўра, Веранікі Івашкевіч — за 367 еўра. Ала Савашэвіч прапанавала тую ж работу, што і ў папярэдні раз, і яна пайшла за 467 еўра, нават было змаганне за гэтую працу. Украінскія творы не прадаліся, бо ў іх былі высокія цэны, таму што ўкраінскі рынак мастацтва працуе з іншымі коштамі. У мінулым годзе сумма была большая, аднак і работ было больш. У гэтым годзе якасць мастацкіх твораў больш высокая, а іх колькасць меншая».
Важная інфармацыя: непрададзеныыя работы яшчэ можна набыць у галерэі «Piękna». Паколькі адбор на выставу быў вельмі строгі, гэта вельмі вартасныя працы, напрыклад, засталіся творы ўкраінцаў Юрыя Дзянісенкава, які працуе з сямейнымі фатаграфіямі, і ўдзельніка Венецыянскага біенале Паўла Макава, а таксама жывапісныя працы Ігара Цішына, Анастасіі Рыдлеўскай, Яны Шостак і іншых аўтараў. Тут можна ўбачыць усе прапановы і дапамагчы Мірным дамам для беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram