6 лютага ў Валожынскай ешыве адбылося адкрыццё выставачнага праекта да 150-годдзя першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана. Выстава арганізаваная Ізраільскім культурным цэнтрам «Націў» пры садзейнічанні Пасольства, — паведамляецца на фэйсбук-старонцы Ізраільскага культурнага цэнтра ў Мінску.


Выстава заснавана на матэрыялах, прадстаўленых Інстытутам імя Вейцмана ў Рахавоце. Таксама ў выставе былі выкарыстаны фотаздымкі і асабістыя перапіскі з сямейнага архіва Меера Вейсгала — памочніка, сябра і паплечніка Хаіма Вейцмана. Іх прадаставіў Ёнатан Амір — праўнук Вейсгала.

Выбітны навуковец і першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман нарадзіўся ў Беларусі, у мястэчку Моталь, 27 лістапада 1874 года. Атрымаўшы традыцыйную яўрэйскую адукацыю і скончыўшы рэальнае вучылішча ў Пінску, Вейцман вывучаў хімію ў Германіі і Швейцарыі, атрымаўшы доктарскую ступень ва ўзросце 23 гадоў. Ён быў адным з ініцыятараў стварэння яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме.
У лютым 1949 года парламент Ізраіля абраў Хаіма Вейцмана першым прэзідэнтам яўрэйскай дзяржавы. Памёр Вейцман 9 лістапада 1952 года і быў пахаваны, паводле завяшчання, у садзе свайго дома ў Рахавоце пры навукова-даследчым інстытуце, які носіць яго імя.
Выстава працягнецца да 1 сакавіка 2025 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram