У Бабруйску адбыўся абвал мура паўночнай сакрыстыі былога касцёла езуітаў — найстарэйшага захаванага будынка горада. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Як вынікае са здымкаў з месца падзеі, аўтэнтычны мур XVIII стагоддзя абваліўся яшчэ ў красавіку, аднак праз поўную закінутасць аб’екта на гэта звярнулі ўвагу толькі цяпер.

Помнік архітэктуры, афіцыйна ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пустуе з пачатку 2000-х гадоў. Пасля моцных пажараў 2011 і 2012 гадоў яго фізічная дэградацыя набыла незваротны характар, аднак ніякіх супрацьаварыйных працы на аб’екце не праводзілася.
Даведка: Мураваная трохнефная базіліка ў стылі барока была ўзведзена ў 1745–1747 гадах паводле праекта знакамітага віленскага архітэктара Тамаша Жаброўскага. Першапачаткова комплекс уключаў калегіум, бібліятэку і тэатр.
У першай палове XIX стагоддзя пры будаўніцтве Бабруйскай крэпасці расійскія ўлады карэнным чынам перабудавалі храм пад цэйхгаўз (вайсковы склад), знішчыўшы фігурны франтон і дзве вежы на галоўным фасадзе. У савецкі час гістарычны аб’ём выкарыстоўваўся як ваенная турма (гаўптвахта).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
