«Смеццевая галава» — кароткаметражны фільм беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі — антыўтапічная фантасмагорыя з фірмовым чорным гумарам — учора з’явілася на Ютуб-канале кінематаграфіста.
Юрый Сямашка вядомы беларускай публіцы па іранічных і нешараговых ігравых і анімацыйных стужках — «Невольник жести», «Как я был Генерал», «Больно не будет», «Ультракороткие истории». У пэўным сэнсе яго можна назваць «беларускім Дэвідам Лінчам» — у аўтара ёсць здольнасць у сваіх карцінах «прабіваць сцяну» ў іншую рэальнасць. Не хацелася б падобных параўнанняў, але гэта важная мастацкая сіла — ствараць літаральна з нічога іншае вымярэнне.
У прыватнасці, у «Смеццевай галаве» глядач трапляе ў знойдзеную на сметніцы бутафорскую галаву. Незвычайны артэфакт падбірае сціплы зборшчык смецця — галава пачынае гаварыць і прапаноўвае хлопцу выканаць яго жаданні. Па выніку ўсё аказваецца не так проста — у фільме акрамя «рэальнай» прасторы ўзнікае яшчэ адна, якая і дадае гісторыі трохі жахлівых нотак. Пры гэтым для гледача ў стужцы прыпасена пару добрых жартаў і адкрытых сэнсаў.
Карціна мае фірмовы тэмп — адметная рыса для беларускага кіно. А гэтаксама можна казаць пра асаблівую дыстанцыю аўтара, якая вылучае яго працы.
Свой фільм Юрый Сямашка (у прынцыпе, як і іншыя стужкі) стварыў самастойна — ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыя, рэжысёрам, акцёрам і майстрам бутафорскай галавы — то-бок у карціне ён дзейнічае і як аніматар. Але вылучым музыку Антона Каржанеўскага, якая завяршае стварэнне адметнай атмасферы.
«Смеццевая галава» ўжо была адзначана на некалькіх фестывалях — «Бульбамуві-2022», «Нефільтраванае кіно-2023», таксама яна ўдзельнічала ў конкурсе найстарэйшага Міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно ў Аберхаўзене. Бадай, гэта самая цэльная праца рэжысёра.
Глядзець кіно цікаўнага аўтара можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: