З 28 лістапада па 3 снежня ў Бабруйску адбудзецца ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Навіну моцна сапсаваў той факт, што з адзіннаццаці заяўленых спектакляў у праграме пяць будзе ісці на рускай мове. Таксама афіша тэатральнай падзеі засведчыла пра тое, што дэфіцыт беларускіх рэжысёраў, які склаўся ў выніку вычышчэння тэатральнай прасторы, павольна, але ўпэўнена кампенсуецца за кошт расійскіх адмыслоўцаў.
Адзначым, што і раней у праграме фэсту нацыянальнай драматургіі паказваліся пастаноўкі на рускай мове — у прыватнасці, паводле п’ес беларускіх драматургаў «новай драмы», якія пішуць пераважна па-руску. Але такой колькасці рускамоўных спектакляў на падзеі, прысвечанай нацыянальнай драматургіі, бадай, не было.
Так, на рускай мове будзе дэманстравацца «спектакль-настальгія» «Белыя росы» паводле аднайменнага твора Аляксея Дудурава Новым драматычным тэатрам. Па-руску пакажа пастаноўку «Пайсці і не вярнуцца» паводле Васіля Быкава і Гомельскі абласны драматычны тэатр. Магілёўскі абласны драматычны прывязе ў Бабруйск рускамоўны спектакль-канцэрт «Проста ты ўмела чакаць…» — праект, заснаваны на франтавых лістах маладой сямейнай пары Іосі Цэпера і Раісы Бердах. Тэатр-студыя кінаакцёра і Нацыянальны акадэмічны рускі тэатр, якія пераважна і трымаліся рускацэнтрычнай пазіцыі, адпаведна прадэманструюць гістарычную драму «Радавыя» паводле Аляксея Дударава і дакументальную драму «Горкі хлеб» паводле Галіны Злабенка.
Можна заўважыць, што ў праграме фестывалю шмат спектакляў паводле твораў Васіля Быкава, Аляксея Дударава — у першую чаргу, мяркуем, гэта звязана з тэмай 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў.
З новых аўтарак, бадай, — Надзея Валяева-Дудкевіч, кіраўніца літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога драматургічнага тэатра, якая паводле франтавых лістоў маладой габрэйскай пары, вершаў і песняў пра Вялікую Айчынную вайну, стварыла спектакль «Проста ты ўмела чакаць…».
Аналізуючы афішу бабруйскага фэсту, таксама можна прыйсці да высновы аб дэфіцыце беларускіх рэжысёраў сярэдняга пакалення ў айчынным тэатры. Так, ажно тры пастаноўкі з адзінаццаці, заяўленых на падзеі, створаны маладым беларускім рэжысёрам Паўлам Марынічам — творца паставіў «Пісаравы імяніны» паводле Уладзіслава Галубка ў Купалаўскім, «Пан Твардоўскі» паводле Сяргея Кавалёва ў Палескім драматычным і «Ідылію» паводле Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Магілёўскім абласным драмы і камедыі. Заслужаныя Аляксандр Яфрэмаў і Сяргей Кавалёў прадстаўляюць Тэатр-студыю кінаакцёра і Рускі тэатр адпаведна.
І дзве пастаноўкі ў праграме — за аўтарствам расійскіх рэжысёраў: «Палачанку» ў ТЮГу зрэжысіравала Таццяна Самбук, а ў Гомельскім абласным «Пайсці і не вярнуцца» паставіў Валянцін Варэцкі. Відавочна, гэта далёка не поўная карціна прысутнасці расійскіх адмыслоўцаў у беларускім тэатральным полі.
Пры гэтым асабліва балюча і прыкра канстатаваць у афішы фестывалю адсутнасць спектакляў Тэатра беларускай драматургіі, які, як вядома, зараз знішчаецца праз рэпрэсіі актораў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram