У Беластоку ў сёмы раз праходзіць тэатральны фестываль «Напрамак Усход».
У ім прымаюць удзел тэатры з Беларусі, Арменіі, Літвы, Паўночнай Македоніі і Польшчы.
Ідэя фэсту заключаецца ў прэзентацыі тэатральнага мастацтва замежных краін, найперш размешчаных за ўсходняй польскай мяжой.
Упершыню фестываль адбыўся ў кастрычніку 2017 года з ініцыятывы Беластоцкага драмтэатра імя Аляксандра Венгеркі, які застаецца галоўным арганізатарам падзеі. Тады з Беларусі прыехала трупа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
За апошнія гады супрацоўніцтва з тэатральнымі калектывамі, якія знаходзяцца ў Беларусі, спынілася, сёлета на фестывальнай сцэне ў Беластоку выступяць незалежныя тэатральныя ініцыятывы, якія працуюць у Польшчы і прадстаўляюць беларускую культуру.
Адкрываў фестываль спектакль беларускага рэжысёра Юрыя Дзівакова «Насця», упершыню пастаўлены у варшаўскім Teatru Powszechnym паводле твора пісьменніка Уладзіміра Сарокіна, расійскага дысідэнта, які жыве на Захадзе. У спектаклі граюць беларускія, украінскія і польскія акцёры.
13 кастрычніка Купалаўцы пакажуць спектакль «Шэпт» рэжысёра Рамана Падалякі. У аснове спектакля — кніга фатографа Сяргея Лескеця пра беларускіх шаптух.
15 кастрычніка адбудзецца прэм’ера спектакля Андрэя Саўчанкі «Святло ў цемры». Гэта сумесны праект «Тутэйшага тэатра», ініцыяванага Андрэем Саўчанкам у 2017 годзе ў Мінску, і Фонду Tutaka.
Спектакль «Святло ў цемры» заснаваны на тэкстах і біяграфіях аўтараў, якія былі забітыя ці рэпрэсаваныя ў 1937 годзе ў Беларусі. Самым важным чыннікам спектакля з’яўляецца паэзія, якую немагчыма расстраляць. Гэта вершы Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Цішкі Гартнага, Валера Маракова, Вацлава Ластоўскага, Майсея Кульбака і Міхася Чарота.
Тэатральны форум працягнецца да 15 кастрычніка.
Расклад спектакляў тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: