У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працуе выстава «Гісторыя старажытных праваслаўных храмаў Полацка (па матэрыялах археалагічных даследаванняў)».
У экспазіцыі прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя пры археалагічных раскопках у Полацку ў розныя гады. Гэта найбольш каштоўныя прадметы з калекцыі археалогіі музея-запаведніка, звязаныя з гісторыяй і архітэктурай старажытных полацкіх храмаў.

Калекцыя плінфы з растворам-цэмянкай, фрагменты тынкоўкі з фрэскавым роспісам, аплаўлены свінец, дэталі царкоўнага начыння і многія іншыя знаходкі сведчаць пра майстэрства полацкіх дойлідаў, а таксама паказваюць адметныя рысы мясцовай традыцыі храмавага будаўніцтва.
Выстава адкрылася з нагоды ўрачыстага святкавання 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, якое праходзіла 4-5 чэрвеня. Храм XII стагоддзя называюць «духоўным сімвалам нашай краіны», што не перашкодзіла маскоўскаму патрыярху Кірылу, які падтрымлівае вайну супраць Украіны і лічыць Беларусь «порубежьем святой Руси», узначаліць у Полацку ўрачыстасці з нагоды юбілейнай даты, нібы падкрэсліваючы характар гэтай святыні як найперш рускай.
Выстава «Гісторыя старажытных праваслаўных храмаў Полацка» — у супрацьвагу гэта тэзе — паказвае глыбокія гістарычныя карані мясцовых храмаў, не звязаных з гістарычнай Масковіяй, якая з’явілася значна пазней. Выстава будзе працаваць да 7 ліпеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram