9 жніўня ў Варшаве пройдзе кніжны маркет, прысвечаны памяці пісьменніцы і журналісткі Святланы Курс (Евы Вежнавец). Гэта падзея мусіць стаць працягам яе слоў пра «запас добрых перажываньняў і сьвятло аптымізму», адзначаюць яе арганізатары — «Медыязона Беларусь» і Karma Crew.
Некалькі месяцаў таму Святлана Курс напісала гэтыя словы ў сацсетках: «Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесьце. Няхай на старасьць у вас будзе запас добрых перажываньняў і сьвятло вашага аптымізму». Каманда праекта прапануе сабрацца разам, каб добра пабавіць час і падтрымаць беларускую культуру.
У кірмашы прымуць удзел выдавецтвы: «Полацкія лабірынты», «Мяне Няма», Kamunikat, Magenta, Bukinist:ka Press, RozUM Media, Kirma.sh, «АЧК-Беларусь». Таксама можна будзе набыць кнігі выдавецтваў «Пфляўмбаўм» і Gutenberg Publisher.
Частку выручкі ад маркета выдавецтвы накіруюць сям’і Святланы Курс, а таксама на Прэмію яе імя, пра якую арганізатары аб’явяць напярэдадні падзеі.
Ідэю заснавання прэміі Евы Вежнавец падтрымалі блізкія пісьменніцы і Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Таксама на месцы можна будзе зрабіць ахвяраванне.
У праграме маркету і выступ культуролага і крытыка Максіма Жбанкова «ШокінгКульт live!». Творца пачытае новыя тэксты пад акустычны псіхадэл.
Час і месца падзеі: 9 жніўня, 15:30- 20.00; Варшава, Karma Crew (Al. 3 Maja 15).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
