У першыя класы «беларускага» ліцэя ў Гайнаўцы прынялі 102 вучні. Але не ўсе заяўнікі пагадзіліся вывучаць беларускую мову

102 вучні прыняты ў першыя класы Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым выкладаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

Як засведчыў у інтэрв’ю Беларускай службе «Радыё Рацыя» выконваючы абавязкі дырэктара ўстановы Дарыюш Мусюк, колькасць заяў перавысіла ўсе чаканні.

Планавалася, што будуць тры класы, але цяпер кіраўніцтва ўстановы звярнулася да вышэйшай арганізацыі, каб ім дазволілі адкрыць яшчэ адзін клас у сувязі з такой колькасцю заяўнікаў.

З 1 верасня ліцэй ладзіць педагагічны эксперымент, таму беларускую мову будуць вывучаць усе першакласнікі.

Большасць вучняў і іх бацькоў пагадзілася прыняць удзел у эксперыменце, але былі і тыя, хто адмовіўся.

Зараз адкрытае 21 вольнае месца ў першых класах.

Дарыюш Мусюк падкрэсліў, што ліцэй у Гайнаўцы мае «высокі ўзровень навукі, і гэты ўзровень мы трымаем шмат гадоў».

Таксама вучням прапаноўваюцца і пазакласныя заняткі — спартовыя, па розных інтарэсах, у тым ліку, артыстычныя. У ліцэі ёсць вакальны гурт «Знічка», танцавальны — «Лявоніха», а таксама выкладаюць фатаграфія і кіно.

«Я размаўляў з вучнямі-выпускнікамі пасля экзамену [беларускай мовы]. Ведаю, што яны баяліся, але напісалі ўсё вельмі добра, яны самі былі задаволены. Добра прайшоў экзамен па беларускай мове. Няма чаго баяцца», — заахвочвае кіраўнік да паступлення ў Гайнаўскі ліцэй.

Гайнаўка — адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Цэнтр павету ў Падляшскім ваяводстве. Гайнаўскі ліцэй як пачатковая школа і агульнаадукацыйны ліцэй быў заснаваны ў 1949 годзе, з 1966 года – Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!