Гомель у часы нацысцкай акупацыі. Фота з тэлеграм-канала "Пошукі старога Гомеля".
Улады ўнеслі ў «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» тэлеграм-канал праекта «Пошукі старога Гомеля». Рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля.
«Навіна кепская, але чаканая, — каментуюць аўтары краязнаўчага праекта. — Мы не будзем чакаць дэталяў справы ад ананімнага суддзі Цэнтральнага раёна Гомеля і невядомага заяўніка. Тым больш не будзем абскарджваць гэтае рашэнне. Мы добра ведаем цану такіх рашэнняў.
Што магло не спадабацца невядомаму ініцыятару працэсу? Нашы самастойныя гістарычныя даследаванні Гомеля? Беларуская мова? Нейкі пост за 12 гадоў існавання пабліка? Хутчэй за ўсё — усё разам. Не шукайце тут сэнсу».
Тэлеграм-канал працягне працу, новыя матэрыялы будуць з’яўляцца па меры знаходжання ўнікальных фотаздымкаў. Фармат анлайн-віктарын пакуль прыпынены.
Праект па гістарычных даследваннях Гомеля існуе з 2015 года. Спачатку гэта была пляцоўка для каардынацыі валанцёраў, якія аднаўлялі гістарычны драўляны дэкор у Гомелі. З часам яна ператварылася ў краязнаўчую супольнасць. У 2018 годзе аўтары прэзентавалі першыя маштабныя 3D-рэканструкцыі страчаных будынкаў гістарычнага Гомеля.
Пасля 2020 года праект сутыкнуўся з ціскам з боку беларускіх уладаў: суполка Вконтакте патрапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго аўтары былі вымушаныя спыніць публічную дзейнасць у Беларусі і працягнулі працу пераважна анлайн.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram