Фота: kultura55.ru
У музеі-запаведніку «Старина Сибирская» ў Бальшарэччы Омскай вобласці з’явіўся «Беларускі падворак». Урачыстае адкрыццё прайшло ў фармаце старадаўняга абраду наваселля — «улазінаў».
Новая экспазіцыя знаёміць гасцей з укладам жыцця беларусаў-перасяленцаў, якія жылі ў Сібіры у канцы XIX стагоддзя. Тут аднавілі поўны цыкл жыцця селяніна-перасяленца — ад побыту да гаспадарчых работ.
Падворак, плошчай каля 800 м2 уключае дом мельніка, двухпавярховы амбар, выган, свіран і калодзеж-журавель. Будынкі зрабілі з дрэва паводле старых тэхналогіяў. Частка прадметаў экспазіцыі захавалася ў сем’ях нашчадкаў перасяленцаў, частку перадалі з этнаграфічнай калекцыі краязнаўчага музея.
Асноўная хваля перасялення беларусаў у гэты рэгіён прыпала на 1898 год. Сяляне ехалі ў Сібір праз малазямелле і Сталыпінскую рэформу, якая падтрымлівала перасяленцаў грашыма. У пераліку прафесій навасёлаў значацца цесляры, млынары, столяры, кавалі, шорнікі, печнікі, ганчары, рамеснікі, ткачы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram