Opus Magnum беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча — раман «Сабакі Эўропы» (Psy Europy) — апублікаваны ў кракаўскім выдавецтве Wydawnictwo Literackie — адным з найбольш аўтарытэтных у Польшчы. Ужо ад 9 верасня твор у перакладзе на польскую Яаны Бернатовіч можна будзе набыць у краіне, а 15 верасня ў Варшаве адбудзецца афіцыйная прэзентацыя выдання.
«Для мяне гэта вялікая радасьць і гонар», — напісаў Альгерд Бахарэвіч у сваіх сацсетках і дадаў, што цяпер свет «Сабакаў» існуе па-беларуску, па-нямецку, па-расейску і па-польску. Ды таксама ідзе праца над нарвежскім і дацкім перакладамі рамана.
Візуальны вобраз кнігі стварыла тая ж каманда, якая працавала над яе нямецкім выданнем.
«Сабакі Эўропы» злучаюць у сабе канвенцыі крыміналу, казкі, рэалістычнага рамана, антыўтопіі і прытчы. Бахарэвіч аперуе спецыфічным гумарам, парадаксальнасцю і ўменнем партрэтаваць звычайных людзей. Пунктам адліку становіцца стварэнне бальбуты — штучнай мовы, якая з’яўляецца формай папяровай свабоды, бо рэальнай свабоды няма», — адзначаецца ў анатацыі выдавецтва да твора.
У апісанні згадваецца і «экстрэмісцкі» статус рамана і вымушанае выгнанне беларускага пісьменніка:
«Напрыканцы 2020 года, пасля ўдзелу ў масавых пратэстах і публікацыі эсэ пра беларускі фашызм, Альгерд Бахарэвіч эміграваў з краіны, жыў у Аўстрыі і Швейцарыі, а затым пасяліўся ў Берліне. У 2022 годзе кнігі Бахарэвіча былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі» і забароненыя, а наклад «Сабакаў Эўропы» — знішчаны. Аднак opus magnum пісьменніка паспеў здабыць статус культавага рамана».
Wydawnictwo Literackie нагадае пра ўзнагароды кнігі, у прыватнасці, Ляйпцыгскую прэмію за еўрапейскае паразуменне ў 2025 годзе і прыводзіць вытрымкі з рэцэнзіяў на твор у буйных сусветных медыя.
У прыватнасці, The Guardian пісаў пра раман так: «Дыстапічны палітычны трылер, адзін з найважнейшых твораў, які калі-небудзь быў апублікаваны ў Беларусі».
Выхад «Сабакаў Эўропы» ў кракаўскім Wydawnictwo Literackie (існуе з 1953 года) — гэта трапленне беларускага аўтара ў найвышэйшую лігу еўрапейскага кнігадрукавання. Менавіта гэтае выдавецтва з адной з найбагацейшых гісторый у Польшчы друкуе творы Нобелеўскіх лаўрэатаў: Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай і Вольгі Такарчук, а таксама сусветных класікаў кшталту Станіслава Лема і Вітольда Гамбровіча.
Заказаць выданне можна ўжо тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram