У Нацыянальным мастацкім музеі да юбілею ўстановы прымеркавалі выставу пра страчаныя і вернутыя пасля вайны каштоўнасці

Культура
Фрагмент экспазіцыі выставы «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957». Фота: t.me/belpresscenter

У Нацыянальным мастацкім музеі да 85-годдзя ўстановы прымеркавалі праект пра страчаныя і вернутыя пасля вайны каштоўнасці – ён будзе адкрыты да наведвання да 20 студзеня. Высветлілі, чаму выстава карыстаецца папулярнасцю, і якой была драматычная гісторыя Дзяржаўнай карціннай галерэі, на аснове якой у 1957 годзе быў арганізаваны мастацкі музей.

Выстава «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957» ахоплівае тры перыяды гісторыі НММ: фарміраванне Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску, разрабаванне збораў падчас Другой сусветнай вайны, адраджэнне музея і будаўніцтва галоўнага корпусу па вуліцы Леніна.

Даваенная гісторыя мастацкай галерэі налічвае ўсяго 2 гады.

У Нацыянальным мастацкім музеі да юбілею ўстановы прымеркавалі выставу пра страчаныя і вернутыя пасля вайны каштоўнасці
Нацыянальны мастацкі музей. Фота: t.me/belpresscenter

Першаму дырэктару Мікалаю Міхалапу на арганізацыю галерэі выдзелілі ўсяго 9 месяцаў. 24 студзеня 1939 года – згодна з Пастановай урада Савета Народных Камісараў БССР — у Мінску стваралася Дзяржаўная карцінная галерэя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы – былая дарэвалюцыйная пабудова мінскай жаночай гімназіі па вуліцы Карла Маркса, 29.

За такі кароткі тэрмін супрацоўнікі паспелі шмат зрабіць па зборы экспанатаў: былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У верасні 1939 года з заходнебеларускіх зямель з БССР у Карцінную галерэю паступілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII стагоддзя, партрэтнага жывапісу XVI–XIХ стагоддзяў.

Напярэдадні вайны фонды Галерэі налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі пятнаццаці залаў.

Калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі, але вывезці не паспелі.

У Нацыянальным мастацкім музеі да юбілею ўстановы прымеркавалі выставу пра страчаныя і вернутыя пасля вайны каштоўнасці
Фрагмент экспазіцыі выставы «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957». Фота: t.me/belpresscenter

Выстава «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957» размясцілася ў чатырох вялікіх залах, якія паслядоўна распавядаюць драматычную гісторыю стратаў і ўзнаўлення.

Першая зала мае назву «Стварэнне». Там размешчаны тыя творы, якія знаходзіліся ў карціннай галерэі ў першыя два гады яе існавання. Працуе гукавая інсталяцыя, дзе беларуская інтэлігенцыя 1939 года вітае з’яўленне галерэі ў сталіцы.

Зала «Рабаванне» выдзяляецца пустымі рамамі на сценах. Прыём, які адлюстроўвае як захопнікі, што ўвайшлі ў карцінную галерэю, выразалі карціны з рам, пакавалі ў валізкі і вывозілі, а рамамі распальвалі печы галерэі. Тут жа транслюецца дакументальны фільм аб наведванні Гімлерам Мінска ў жніўні 1941 года. Менавіта пасля гэтай падзеі быў аддадзены загад аб адпраўленні калекцыі лепшых твораў у Германію.

Трэцяя зала называецца «Адраджэнне». Там размешчаны толькі тыя творы, якія былі закуплены ў 1944 годзе, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Мінска. Першая вернутая карціна — гэта невялікае жывапіснае палатно Сяргея Малюціна (1859-1937) «Мора. Алушта», напісанае ў 1906 годзе.

У Нацыянальным мастацкім музеі да юбілею ўстановы прымеркавалі выставу пра страчаныя і вернутыя пасля вайны каштоўнасці
Фрагмент экспазіцыі выставы «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957». Фота: t.me/belpresscenter

Карціны набываліся без надзеі на тое, што вернецца старая спадчына. Але 1/8 частка старой калекцыі вярнулася.

У зале «Вяртанне» паказваюць гэтую 1/8 частку. Гэта партрэты з Нясвіжа, творы Міхаіла Філіповіча, беларускія абразы, партрэты знакамітых мінчан, у тым ліку ўладальнікаў і заснавальнікаў гатэля «Еўропа». Многія творы выстаўляюцца ўпершыню. Адна з куратараў выставы Надзея Усава лічыць, што ёсць надзея, што знойдзецца нешта яшчэ. Музей падрыхтаваў прэзентацыю, дзе страчаныя творы адлюстраваныя ў прэсе таго часу.

Нагадаем, што па ініцыятыве Генпракуратуры Міністэрствам культуры сёлета быў складзены «Спіс культурных каштоўнасцей, перамешчаных з тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны». А міністэрства замежных спраў арганізавала адпаведную працу па лініі міжнароднага супрацоўніцтва.

Усяго на выставе прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў.

Выстава будзе працаваць да 20 студзеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: