Ідэя перформанса «290» узнікла ў аўтара Артура Камароўскага, калі ён пабачыў спіс населеных пунктаў Чарнобыльскай зоны адчужання.
Такім чынам, упісаны ў назву лік – 290 – гэта вялікія і малыя беларускія мястэчкі, ліквідаваныя і пакінутыя. Большасць з іх сёння — кароткія старонкі ў вікіпедыі: геаграфія, транспартная сувязь, гісторыя і насельніцтва.
«290» — гэта паэтычна-візуальнае даследаванне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, спроба фіксацыі і архівізацыі памяці, аднаўлення і пера(пра)жывання досведу.
«Для мяне яны — недзе паміж. Раптоўна адабраныя, раптоўна пакінутыя, раптоўна змушаныя жыць жыццё без чалавека, — расказвае Артур Камароўскі. — У перформансе мне захацелася расказаць іх гісторыі, выкарыстоўваючы канцылярскую мову і пераўтвараючы яе ў нешта жывое. Беручы зямлю як метафару смерці, расказваць пра жыццё. Ставіць кропку ў адной гісторыі існавання, і пачынаць новую. Называць месцы — адначасова падсвятляючы іх і пакідаючы ў памяці — і ставіць кропку. Альбо працяжнік.
Бо пакуль усё яшчэ невядома, якімі будуць ТАМ смерць і жыццё».
Мерапрыемства арганізавана ў межах Чарнобыльскага тыдня, які ладзіць «Экадом».
Кожны год 19-26 красавіка «Экадом» праводзіць Чарнобыльскі тыдзень, мэта якога — расказаць пра наступствы аварыі на ЧАЭС, якія нікуды не падзеліся, і прапанаваць альтэрнатыву ядзернаму шляху. У гэтыя дні «Экадом» традыцыйна ініцыіруе адукацыйныя, культурніцкія і палітычныя мерапрыемствы, інфакампанію разам з партнёрамі і СМІ.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: