У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы

Культура
Мікола Дучыц. На руінах Мінска. 1944. Фота: сацсеткі

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў галерэі «Лабірынт» адкрылася выстава «Мікола Дучыц. Прыгажосць звычайнага», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака.

У экспазіцыі — пейзажы і нацюрморты, выкананыя на працягу сарака гадоў — з 1940-х па 1980-я.

У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы
Мікола Дучыц. Дом па вуліцы М. Астроўскага. 1943. Фота: сацсеткі.

Разыначка экспазіцыі — літаграфіі і жывапісныя творы, выкананыя ў Мінску падчас нямецкай акупацыі, а таксама паваенныя вобразы горада. Падчас бамбёжак сталіцы вялікая колькасць мастацкіх твораў была знішчана, тым больш цікава паглядзець на краявіды горада той пары.

Мікола Дучыц нарадзіўся ў Любчы, ён унук перасяленца з Сербіі Самуэля Дучыца, які ваяваў у шэрагах паўстанцаў 1863 года ў ваколіцах Міра.

Мастацкую адукацыю ў рысавальнай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў у Петраградзе, дзе яго настаўнікамі былі Рэрых і Бенуа, Мікола Дучыц завяршыць не змог, бо ў 1916 быў мабілізаваны ў царскую армію. Ён ваяваў і ў Першай сусветнай, і ў грамадзянскай войнах. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь і з 1921 года жыў у сталіцы, занатоўваючы ў сваіх шматлікіх творах адметныя куточкі горада.

У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы
Мікола Дучыц. Мінскі дворык. 1943. Фота: сацсеткі.

У 1935 прайшла яго першая персанальная выстава, аднак напрыканцы 1930-х у савецкай прэсе мастака пачалі крытыкаваць за тое, што ён празмерна захапляецца адлюстраваннем старасвецкай архітэктуры, замест таго, каб засяродзіцца на пралетарскіх тэмах.

Падчас Другой сусветнай вайны мастак застаўся ў акупаваным Мінску.

У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы
Мікола Дучыц. Мінск. Руіны. 1943. Фота: сацсеткі.

Мастацкае жыццё падчас вайны не спынялася, ладзіліся выставы. Напрыклад, у лютым 1942 года прайшла першая выстава беларускіх мастакоў, якія апынуліся ў акупаваным нямецкімі войскамі Мінску. Выставу ладзіў аддзел мастацтваў мінскага гарадскога камісарыяту. За два месяцы яе наведала 1800 чалавек. Тагачасная прэса пісала ў сувязі з гэтай падзеяй пра тое, як няпроста займацца цяпер творчасцю: не хапае патрэбных матэрыялаў.

Другая мастацкая выстава была запланаваная на восень 1942 года. Яна стала значнай падзеяй у сталічным культурным жыцці. Эцюды Дучыца тады заўважылі і станоўча ацанілі. Дарэчы, на той выставе Валянцін Волкаў, аўтар культавага твора вызвалення Мінска савецкай арміяй, паказаў партрэт Кастуся Каліноўскага.

У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы
Мікола Дучыц. Руіны па вуліцы Кірава, у бок Карла Маркса. 1940-я. Фота: сацсеткі.

Дучыц браў удзел у камісіях па вырашэнні лёсу гістарычных помнікаў. Пры гэтым яго некалькі разоў арыштоўвалі і дапытвалі нацысты.

Мінску прысвечана больш за 200 жывапісных і графічных работ мастака. Дучыц заўсёды падрабязна датаваў усе свае працы, таму мы не толькі можам убачыць, як выглядаў горад у розныя часы, але і прасачыць яго гісторыю.

У Мінску адкрылі рэтраспектыўную выставу Міколы Дучыца з ваеннымі і пасляваеннымі краявідамі сталіцы
Мікола Дучыц. Вясновы матыў у раёне Заслаўскай вуліцы. 1944. Фота: сацсеткі.

Гэтыя творы каштоўныя для даследчыкаў тым, што вельмі многае з мінскай архітэктуры было знішчана падчас і пасля вайны.

У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея сёння знаходзіцца 79 твораў Мікалая Дучыца – жывапісных і графічных. Большасць работ мастака невялікага фармату – гэта эцюды, якія з’яўляюцца завершанымі карцінамі.

Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы будзе працаваць да 20 красавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.