У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу

Главное
Макс Швед. Сцяна сказала. Серыя фатаграфій, 2020 - 2021, Беларусь.

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» ў трэці раз становіцца часткай міжнароднага «Фотафестывалю ў Лодзі». Аглядальнік Reform.by 16 чэрвеня трапіў на адкрыццё вялікай выставы беларускіх аўтараў у Польшчы і праз іх праекты пераканаўся, што жывем мы сёння ў транзітным часе.

У Лодзі з мінскім праектам адбылася цікавая трансфармацыя: міжнародным «Месяц» стаў паводле кантэксту, а адзіная, але вялікая экспазіцыя фестывалю — яна атрымала назву «Паміжжа» — лучыць толькі беларускіх аўтараў. А яшчэ аўтараў яднае стан «паміжжа» — геаграфічнага і экзістэнцыяльнага.

Куратар фестывалю, які пажадаў застацца ананімным, пагадзіўся на кіраўніцтва праектам не адразу. Адчуванне пустой прасторы і няпэўнай будучыні было настолькі моцным, што станавілася незразумела, чым гэта ўсё запоўніць. Аднак пасля прыйшло ўсведамленне: калі мы маем патрэбу ў тым, каб некуды рушыць, то варта пачаць фіксаваць і апісваць наяўны стан рэчаў.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Фрагмент экспазіцыі «Месяца фатаграфіі ў Мінску». Лодзь. 2023.

«У размовах з сябрамі прыйшло ўсведамленне, што калі ты знаходзішся ў Беларусі, то ты не адчуваеш будучыні, — тлумачыць куратар зыходны пасыл выставы. — Мінулае таксама не з’яўляецца тым, на што можна абаперціся. З таго эмацыйнага стану і прыйшла ідэя вялікай беларускай выставы на польскім фестывалі».

Праекты, над якімі працавалі беларускія фатографы ў розных краінах, аказаліся сугучныя гэтым настроям. Куратар вызначыў акцэнты, разбіў стан «паміжнасці» на асобныя складнікі і нарэшце выбудаваў свой чорны лабірынт у вялізнай брутальнай зале былой фабрыкі на вуліцы Петрыкоўскай, 138.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Фрагмент экспазіцыі «Месяца фатаграфіі ў Мінску». Лодзь. 2023.

Паверхам вышэй размясціўся «Транзітны стан», выстава, што падсумоўвае вынікі сацыяльных і палітычных пераўтварэнняў, а таксама пратэсных дзеянняў, якія адбыліся ва Украіне, Грузіі, Іране, Казахстане і Кыргызстане за апошнія 30 гадоў. Яна падрыхтавана сумесна з міжнародным фэстам Odesa Photo Days. Як і беларускі, украінскі фэст таксама не мае магчымасці адкрыцца на радзіме.

Без ніякай шкоды для абодвух канцэптаў частку здымкаў можна было лёгка перанесці з адной выставу на іншую.

Бо стан «паміжнасці» ахапіў цэлы рэгіён.

«Далягляд завалены, усё па-за рэзкасцю. Транзітны стан і чаканне зрабілася самім жыццём. Вялікія ідэі і мары сціснуліся да побытавага, няўстойлівага і крохкага зараз. Надзея знікае і рассейваецца ў тумане. Паміжны свет вызначаецца транзітнасцю і неабходнасцю гэтую транзітнасць прыняць як рэальнасць. Тут немагчыма адчуць паўнавартаснае жыццё, увесь свет стаў як пераход з кропкі А ў кропку Б» (з канцэпту выставы «Паміжжа»).

Прастора «паміжжа» разбурыла нават звыклы фармат экспазіцыі.

Па-першае, свае прозвішчы далі не ўсе аўтары.

Ананімнасць стварае дзіўны эфект, бо сучаснае мастацтва, а даследчая праца ў фатаграфіі, безумоўна, да яго адносіцца, мяркуе веданне кантэксту. Некаторыя выявы немагчыма асэнсаваць без апісанняў, часам, каб зразумець адзін канкрэтны праект, трэба ведаць, чым аўтар займаўся раней. Аднак, тым не менш, кожны ананімны голас становіцца важным у гэтым праекце, бо ён дае сведчанні знутры краіны.

Па-другое, на фотавыставе паказалі малюнкі.

Мы прывыклі да патоку выяў: фатаграфія робіцца маментальна і гэтак жа хутка распаўсюджваецца. Аднак для раскрыцця тэмы памежнага стану куратару былі патрэбныя вобразы турмы. Адзіную магчымую дакументацыю таго, што адбываецца ўнутры турмаў у Беларусі, можна атрымаць толькі з малюнкаў вязняў. Праект «13 дзён, якія вярнулі мяне ў мінулае» Міхаіла Мішука вырывае гэтыя вобразы з небыцця. Міхаіл адбыў свой невялікі тэрмін восенню 2020-га, і яго праект турэмных малюнкаў — толькі адзін са многіх, якія цяпер фіксуюцца адмысловымі ініцыятывамі. У чорным лабірынце экспазіцыі разумееш, што без гэтых нефатаграфічных выяў выстава б не зацыкліла нашае жыццё.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Міхаіл Мішук. 13 дзён якія вярнулі мяне ў мінулае. Серыя малюнкаў, ручка, папера, 2020, Мiнск, Беларусь. Фота: Reform.by

Па-трэцяе, частка фотапраектаў беларускіх аўтараў фіксуе падзеі вайны ва Украіне.

Украінскі след

Фатограф Аляксандр Васюковіч фіксуе сляды разбурэнняў ва Украіне, а на выставе ён паказаў толькі адну частку — серыю з разбуранымі мастамі. Выразна і дакладна скампанаваныя фотаздымкі выглядаюць дасканалымі кадрамі з апакаліптычнага кіно. Здаецца, што аўтар толькі фіксуе. Аднак ён закладае ў праект уласныя сэнсы: «Структуры, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца злучэнне, служаць для падзелу. І хоць масты з бетону і сталі можна лёгка аднавіць, разбураныя вайной сувязі паміж людзьмі ўжо ніколі не будуць ранейшымі. Масты спалены».

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Аляксандр Васюковіч. Серыя фатаграфій, 2022, Украіна. Фота: Аляксандр Драгавоз.

Яўген Атцецкі цяпер жыве ў Львове і ў серыі здымкаў «Пад ударам» даследуе, як украінскае грамадства рэагуе на вайну.

З аднаго боку, людзі дэманструюць салідарнасць і ўзаемападтрымку. Яны групуюцца, каб абазначыць сваю пазіцыю: устаюць на фудкорце і спяваюць гімн, вулічныя музыкі збіраюць грошы на валанцёрскі праект. Сацыяльныя рытуалы становяцца апорай і асновай жыцця і дапамагаюць перажыць выклікі страшнага часу.

З іншага боку, жыццё працягваецца і Яўген фіксуе штодзённы побыт і шукае знакі трансфармацыі грамадства пад уплывам вайны.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Яўген Атцецкі. Пад ударам. Серыя фатаграфій, 2022-2023, Львоў, Украіна. Фота: Reform.by.

Творчы тандэм Канаплёў+Лейдзік у праекце «Тата ў тэлефоне» арганізуе свае фотаздымкі паводле адной схемы: мама і дзеці, а тата — у тэлефоне, таму што на вайне. Яны ўсе разам глядзяць у камеру. Іх аб’ядноўвае сумесная, раздзеленая ўсімі членамі сям’і будучыня. Выразны і сумны партрэт трагічнага часу…

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Канаплёў+Лейдзік. Тата ў тэлефоне. Серыя фатаграфій, 2022-2023, Варшава, Польшча. Фота: Reform.by.

Фотаздымкі Аляксандра Зяньковіча былі зроблены пасля пачатку вайны, яны паказваюць звычайнае жыццё Украіны, што працягваецца ў розных гарадах нягледзячы ні на што. Вайна пранікае ў побыт, штодзённасць, у гульні дзяцей, становіцца часткай прасторы, але адначасова не спыняе само жыццё, а непазбежна становіцца яго часткай.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Аляксандр Зяньковіч. Серыя фатаграфій, 2022–2023, Украіна.

Паша Крычко фіксуе побыт беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Гэта таксама памежныя станы: на здымках салдаты пераязджаюць, мяняюць дыслакацыю, спрабуюць арганізаваць свой часовы побыт, і некаторыя з іх не дазваляюць здымаць свой твар. Сам момант няўстойлівасці адчуваецца ў гэтых фатаграфіях, у гэтым знаходжанні паміж жыццём і смерцю, паміж адказнасцю і ахвярнасцю.

Пакінуты дом

Куратар ускладняе лабірынт выставы, разрывае адны серыі і злучае іншыя, каб выявіць нашу гісторыю чытэльнай і лагічнай.

Так, сцэны жыцця падчас вайны ва Украіне суседнічаюць з мінскімі краявідамі. Тымі гарадскімі сцэнамі, што фіксуюць спробы людзей вынайсці філасофію новага парадку: адхіліцца, напоўніцца, утаймавацца, нажыцца, захавацца.

Аўтар фотапраекта пра дом і яго месца ў жыцці чалавека Вера Мірская выкарыстоўвае архіўныя здымкі сваіх герояў — жыхароў Гродна, якія з’ехалі з горада, — і з дапамогай праектара змяшчае іх на месцы, куды яны вельмі хочуць, але не могуць вярнуцца.

Аўтар, які хаваецца пад абрэвіятурай OB, у серыі фатаграфій «POST VITAM» фіксуе нацюрморты, у якіх увасабляе метафару сямейных патэрнаў, што перадаюцца праз пакаленні, праз універсальны досвед амаль кожнай сям’і з постсавецкай прасторы.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Кацярына Кузьмічова. HIRAETH. Серыя фатаграфій, 2022, Польша. Фота: Reform.by.

Кацярына Кузьмічова ў праекце HIRAETH (слова звязана з тугой па хаце, афарбаванай горам і смуткам па страчанаму часе) паказвае лірычны маршрут сваёй камеры ў пошуках геаграфічных каардынатаў дома сваёй мары, гармоніі і шчасця.

Ключавы здымак яе праекта — фіранкі, што дзіўным чынам вісяць на вуліцы, аддзяляючы адну пустэчу ад іншай.

Ідэалагічны тэрор

Тэрор, што пануе ў Беларусі, візуалізуецца не толькі ў афармленні вуліц, але і ў сюжэтах падпарадкавання і пакоры, напрыклад, у сцэнах прымусовага прагляду тэлевізійных выступаў. Тут маўчанне і нерухомасць становяцца знакам лаяльнасці.

Праект LISTENERS аўтарства IH — гэта серыя скрыншотаў тэлеперадач, у якіх паказваюць групы людзей на заводах, якія слухаюць афіцыйныя выступленні.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
IH. LISTENERS.Серыя фатаграфій тэлевізійных выступленняў, 2022, Беларусь. Фота: Аляксандр Драгавоз.

Побач — серыя інтэр’ераў аўтарства AL з фотаздымкамі старых савецкіх тэлевізараў, знятых у палескіх вёсках. Тэлевізар у вясковых хатах займае няпэўнае месца паміж камодам і іконай. Як і гэтыя старыя дамы, савецкія і постсавецкія лямпавыя тэлевізары выглядаюць даволі экзатычна.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Макс Швед. Сцяна сказала. Серыя фатаграфій, 2020 — 2021, Беларусь. Фота: Аляксандр Драгавоз.

Сляды ідэалагічнай барацьбы, што адбывалася на сценах дамоў у 2020-2021 гадах, фіксуе Максім Швед. Ён фатаграфаваў зафарбаваныя надпісы. Спрабуючы замазаць, схаваць і такім чынам цэнзураваць гарадскую прастору, працаўнікі камунальных службаў не толькі несвядома станавіліся ўдзельнікамі творчага працэсу, але і яшчэ больш прыцягвалі ўвагу да схаваных пасланняў.

Партызанскі лес

«Сонца нам дапаможа!» — спявае Лявон Вольскі… Два фатографы на выставе ў Лодзі шукаюць містычную сілу ў вобразах лесу.

Вiталь Стужка ў серыі «Мяжа рэальнасці» стварае адчуванне партызанскага лесу, што існуе на мяжы рэальнасці, і ў якога нават можна разгледзець вочы.

Гэта стужкавыя фотаздымкі з падвойнай экспазіцыяй, выкананыя ў тэхніцы літ-друку (Lith print), дзе прасторы і прадметы сустракаюцца, наплываюць адно на адное, а часам зусім знікаюць у цемры.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Вiталь Стужка. Мяжа рэальнасці. Серыя фатаграфій, 2022, Беларусь. Фота: Reform.by.

Аўтар SL у серыі фотаграм Lumen паказвае містычныя кветкі з Палесся. «Партрэты» раслін Беларусі былі створаны ў межах этнаграфічнага даследавання. У гэтым праекце нават тэхніка здымкі адсылае да першамагіі — выявы зроблены без фотакамеры, толькі пры дапамозе шкла, фотапаперы, сонечнага святла і расы або вады са святых крыніц.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
SL. Lumen. Серыя фотаграм, 2020, Беларусь. Фота: Аляксандр Драгавоз.

Дэканструкцыя

«Цяперашні палітычны бэкграўнд, вайна Расеі супраць Украіны, гуманітарная і экалагічная катастрофы прымушаюць мяне пераглядаць устояныя арыенціры, аўтарытэты, ідэалы, вобразы і формулы, якія здаваліся маналітнымі і «непарушнымі» як гранітная пліта. У тым ліку і тое, з чым нас выхоўвалі ў школе і што называюць „рускай культурай”», — піша адзін з удзельнікаў выставы і стварае калажы, у якіх вобразы мінуўшчыны патрапляюць пад аўтарскую дэканструкцыю.

Арт-група «Беларускі Клімат» звяртаецца да ўласнага праекта, створанага ў 1992 годзе.

У Лодзі адкрыўся «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Reform.by пабываў на выставе, якая распавядае пра тэрор, спаленыя масты і вочы лесу
Беларускі Клімат. Лабараторная праца. Геаметрычны балет «Дзіда Лонгіна. Харэаграфія-пастаноўка. 1992-2023, Беларусь. Фота: Аляксандр Драгавоз.

«Серыя фотаздымкаў была знята ў 1992 годзе, але толькі зараз набыла змест і новую форму — форму балета. Лібрэта страчана, рытмы, рухі і харэаграфія расказваюць гісторыю, якую кожны можа інтэрпрэтаваць для сябе», — пазначае аўтар у апісанні праекта, які цяпер атрымаў назву «Дзіда Лонгіна».

Дзіда Лонгіна — адна з прылад Страсцей Хрыста, піка, якую воін Лонгін, згодна з Евангеллем ад Іаана, усадзіў у падрабрынне Ісуса Хрыста, укрыжаванага на Крыжы. Дзіда Лонгіна была патрэбна, каб пераканацца, жывы ці мёртвы той, хто вісіць на крыжы.

«Цяпер надышоў час, — тлумачыць аўтар пераасэнсаванне сваёй старой серыі, — калі дзіды накіраваныя на нас саміх, на сэнсы, на культуру, але каб быць далей, неабходна прыняць смерць мінулых азначэнняў і ўбачыць прастору без таго сэнсу, з якім мы жылі ўсё сваё жыццё».

***

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» праходзіць у межах міжнароднага фестывалю, які мае назву «Надзея».

Надзея — згодна з канцэптам — звязана з неабыякавасцю і заангажаванасцю, з клопатам адно пра аднаго і пра бліжэйшае навакольнае асяроддзе, клопатам, які прымае розныя формы супраціву, падтрымкі і супрацы.

Каб кудысьці рушыць — лічыць куратар беларускага фестывалю, — варта працягваць фіксаваць і апісваць той стан рэчаў, у якім мы апынуліся. Дзеля таго, каб мець магчымасць зрабіць крок наперад і займець надзею, за якую, безумоўна, трэба змагацца (і так лічаць, як вынікае з канцэпту «Надзеі», нават у краінах, дзе няма ні вайны, ні рэпрэсій).

Міжнародны фестываль «Месяц фатаграфіі ў Мінску» вядзе сваю гісторыю з 2014 года. Да 2021 года ён праводзіўся ў сталіцы Беларусі, часам у іншых гарадах, а арганізатарам удавалася прывезці на яго значныя міжнародныя праекты. Цяпер, ужо трэці раз, яго праекты экспануюцца ў Польшчы.

Фотафестываль у Лодзі будзе працаваць па 25 чэрвеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: