Сёння, 21 траўня, у Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі, у Беларускім Доме ў Варшаве актывісткі Яўгенія Доўгая і Алана Гебрэмарыям арганізавалі прэс-канферэнцыю з удзелам былых жанчын-палітвязняў, каб гучна і ясна прагучалі іх галасы — ад імя тых, хто за кратамі, ад імя тых, каго ўжо не вярнуць.
Менавіта ў гэты дзень у шклоўскай калоніі чатыры гады таму быў забіты Вітольд Ашурак. Аднак за апошнія тыдні стала вядома пра смерць дзвюх жанчын, якія выйшлі на волю і не пражылі і года з-за таго, што ім у зняволенні не была аказаная належная медыцынская дапамога. Гэта Тамара Каравай і Ганна Кандраценка. Учора ў калоніі памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Пра гэтыя смерці нагадала адна з арганізатарак прэс-каферэнцыі Яўгенія Доўгая.
Партрэты памерлых жанчын у чорных рамках былі размешчаны на крэслах за сталом, а напрыканцы прысутныя ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Вядучая Алана Гебрэмарыям нагадала, што цяпер 160 жанчын знаходзяцца за кратамі, і каля 600 жанчын былі вызваленыя па закачэнні тэрміна. Лічбы недакладныя, бо людзі баяцца паведамляць пра тое, што іх блізкія знаходзяцца пад пераследам. Катастрафічнае становішча палітзняволеных патрабуе неадкладнага ўмяшання.
Анлайн у прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі тры былыя палітзняволены – Ксенія Луцкіна, Ірына Шчасная і Таццяна Екельчык. Вольга Філатчанкава прысутнічала ў зале.
140 палітзняволеных на адзін мільён
Ксенія Луцкіна прывяла статыстыку па колькасці палітзняволеных на адзін мільён насельніцтва. Напрыканцы існавання СССР было 12 палітзняволеных на 1 мільён, у Расіі — тры, а ў Беларусі на мільён — 140 чалавек, і гэта толькі афіцыйна зафіксаваных.
«Я мяркую, — сказала Ксенія, — што галоўнае, што паказалі беларусы за пяць гадоў, – гэта салідарнасць. І цяпер увесь свет ведае, што беларускі народ не роўны таму аўтарытарнаму рэжыму, які сёння пануе ў краіне. Таму важна працягваць рабіць салідарныя крокі, бо ад дзеянняў кожнага з нас залежыць і ўвага дыпламатаў у нашай краіне, і існаванне Беларусі ў міжнароднай павестцы і, магчыма, дадатковыя дыпламатычныя меры, скіраваныя на вызваленне палітзняволеных».
Таццяна Екельчык – былая палітзняволеная па справе студэнтаў, звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі дапамога людзям за кратамі прыводзіць да таго, што тыя, хто дапамагаюць, трапляюць у чорныя спісы і не могуць уладкавацца на працу. А такая падтрымка для палітзняволеных надзвычай патрэбная.
Ірына Шчасная згадала пра Аню Кандраценка, якая была з ёй у адным атрадзе, як пра вельмі сціплага, але прынцыповага чалавека. «Сістэма забівае, — сказала Ірына. — Мы не ведаем, як дапамагчы, але тое, што адбываецца за кратамі, можна акрэсліць як сапраўднае катаванне». Ірына выйшла на волю хворым чалавекам, і цяпер ёй трэба пастаянна дбаць пра здароўе. Таксама яна згадала жанчыну, якая ў калоніі перанесла аперацыю і не магла патрапіць да хірурга, бо хірург прыязджае раз на паўгады. І калі гэтая жанчына патрапіла да хірурга, ёй сказалі, што згубілі яе медыцынскую карту, і жанчына мусіла чакаць яшчэ паўгады. «Гэта здзек з людзей, які робіцца адмыслова, таму што для ўлады палітвязні не проста апаненты, а сапраўдныя ворагі, — мяркуе Ірына. — У гэтым ёсць нейкі элемент садызму: яны цешацца, калі мы хварэем, калі мы паміраем».

«Самае важнае — выратаваць жыцці»
У гэтых варунках трэба змагацца за кожнага палітвязня. «Перамовы» – слова, якое падтрымалі ўсе. Меркаванні саміх палітвязняў складана пачуць, але можна спытаць іх сем’і, якія ў абсалютнай большасці пагодзяцца на перамовы.
«Ёсць меркаванне, — заўважыла Вольга Філатчанкава, — што не мае сэнсу выцягваць палітзняволеных, бо новых пасадзяць. Так новых і так садзяць. Кожны дзень, а выпускаюць мала. Непараўнальна мала ў параўнанні з той колькасцю жыццяў, якія знаходзяцца ў закладніках рэжыму. Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці. Магчыма, весці кулуарныя перамовы»…
Алана Гебрэмарыям нагадала, што еўрапейскія і амерыканскія палітычныя інстытуцыі — важныя актары ў вызваленні, бо Лукашэнка не раз выказваў свае жаданні наладзіць стасункі з Амерыкай, у тым ліку з Трампам.
Самае важнае — выратаваць жыццё гэтых людзей, якія праходзяць праз жудасныя катаванні кожны дзень
Войтэк Бародзіч – супрацоўнік Амбасады Нідэрландаў у Варшаве — задаў пытанне, ці задаволены ўдзельнікі дыскусіі тым, як прэзентуюць тэму палітзняволеных цяперашнія дэмакратычныя сілы Беларусі.
«Дэмакратычныя сілы павінны ўлічваць і меркаванні былых палітзняволеных, і родных тых людзей, якія сёння знаходзяцца за кратамі, таму што яны на сувязі з імі.
Мы ў першую чаргу павінны чуць родных. І магчыма, калі нейкія нашы дзеянні незразумелыя родным, павінен быць дыялог. Таму што ў дыялогу і нараджаецца ісціна», — адказала Ксенія Луцкіна.
Алана Гебрэмарыям заўважыла, што не заўсёды хапае ўзаемадзення паміж дэмакратычнымі сіламі, родзічамі і былымі палітзняволенымі. Не хапае галасоў гэтых людзей на міжнародных сустрэчах, не хапае таго, каб яны дзяліліся сваім бачаннем, што можна зрабіць, каб вызваліць сваіх блізкіх.
«Палітыкі па-рознаму бачаць вызваленне палітзняволеных, — патлумачыла Алана, — я агучыла, у што я веру, і ў што верыць большасць палітзняволеных — у неабходнасць пэўнага змякчэння, але толькі ў абмен на вызваленне людзей і змяншэнне рэпрэсій. І гэта важна прамаўляць, важна, каб кантакты з Мінскам не перапыняліся. Таму што некаторыя дыпламаты і дыпмісіі заяўляюць, што не будуць камунікаваць з рэжымам.
Я мяркую, што гэта няправільна, таму што рэжым не толькі Лукашэнка, там ёсць людзі, якія лічаць, што палітзняволеных трэба выпускаць, ёсць людзі, якія падштурхоўваюць адміністрацыю прэзідэнта да вызвалення, спрабуюць даказаць, што праз пяць гадоў, магчыма, час аслабіць гайкі. Але таксама ёсць і сілавікі, якія накаляюць абстаноўку і затрымліваюць новых людзей. Але калі не будзем шукаць з імі кантакты, з усімі гэтымі групамі людзей, і мы, як людзі з дэмакратычнай супольнасці, і нашы міжнародныя партнёры, то ніякага вызвалення не будзе. І гэта можа быць непублічная, кулуарная камунікацыя, але людзей можна не паспець вярнуць».
«Трэба вельмі грунтоўна правяраць інфармацыю пра палітзняволеных»
Вольга Філатчанкава расказала пра Ганну Вішняк, добра вядомую многім беларускім палітзняволеным. Вольга спытала дазволу агучыць гэтае імя публічна. Усе пагадзіліся, што чалавек уяўляе пагрозу, бо на зоне яна хлусіла, правакавала і пісала ў аператыўны аддзел пра розныя парушэнні, якія рабілі палітзняволеныя. І цяпер у Варшаве яна працягвае распаўсюджваць хлусню і дэзінфармацыю. «Выходзяць розныя людзі, — дадала Алана, — таму трэба вельмі грунтоўна правяраць інфармацыю пра палітзняволеных і супрацоўнікам медыя, і дыпкорпусу. Гэта важна, бо неправеранай інфармацыяй можна нашкодзіць людзям, якія знаходзяцца за кратамі».