10–11 красавіка ў Варшаве пройдзе першая эдыцыя фестывалю-конкурсу «Dramatyzacja», прысвечанага сучаснай незалежнай драматургіі.
Падзея, якую ладзіць Беларускі Інстытут Тэатра, паўстала як адказ на вымушаную эміграцыю незалежных тэатральных дзеячаў.
У праграме фэсту — перфарматыўныя чытанні пяці п’ес-фіналістаў конкурсу драматургіі, дыскусіі з удзелам аўтараў і тэатральных практыкаў, а таксама ўручэнне галоўнай узнагароды.
Як падкрэсліваюць арганізатары, праект накіраваны не толькі на падтрымку беларускіх аўтараў і аўтарак, а таксама на стварэнне прасторы для асэнсавання актуальных сацыяльна-палітычных і культурных працэсаў у рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
П’есы якіх аўтраў можна будзець пачуць на «Драматызацыі»? І пра што яны распавядаюць?
Драматургічны «Апошні сведка [старога Гродна]» Амаліі Рызніч спалучае падзеі 1939 года і пратэсты 2020 года.
Дакументальны драматычны тэкст «Рудая Вавёрка» Хасі Корневай — пра досвед рэпрэсій і эміграцыі.
«Цяперашнасць» Ксеніі Шталенковай — інтымнае разважанне пра цела, веру і прысутнасць.
«LIMB» Рэнаты Талан — гісторыя пра жыццё ў стане міжчасся і міжпрасторы.
«Кожнае месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бялковіч — шматслойны драматычны тэкст пра памяць, гвалт і немагчымасць поўнага сведчання.
Палітычны гвалт, памяць, гістарычная адказнасць, досвед турмы і эміграцыі, жыццё «паміж» краінамі і станамі, а таксама крохкасць чалавечага цела і ідэнтычнасці — такія тэмы хвалююць аўтараў, якія спрабуюць знайсці мову для апісання траўматычнага досведу.
«Драматургія тут становіцца інструментам сведчання, асабістай і калектыўнай рэфлексіі», — гаворыцца ў паведамленні БІТ.
Таксама фестываль прапануе платформу для дыялогу паміж творцамі і публікай з Беларусі, Польшчы і Украіны.
Час і месца падзеі: 10-11 красавіка, Dom w Alejach, Варшава, al. Jerozolimskie 2.
Уваход вольны, але патрабуецца рэгістрацыя.
Сачыць за раскладам фэсту можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
