Дэпутаты Кіеўскай Рады на пасяджэнні 23 сакавіка перайменавалі яшчэ 16 тапонімаў, назвы якіх звязаныя з Расіяй і савецкім мінулым.
Па словах сакратара Кіеўскага гарадскога савета Уладзіміра Бандарэнкі, у працэсе дэрусіфікацыі сталічнай тапанімікі было выяўлена некалькі сотняў вуліц, завулкаў, праспектаў, бульвараў і плошчаў, назвы якіх нам былі навязаныя Савецкім Саюзам і яго імперскім мінулым.
«На працягу дзесяцігоддзяў Крэмль спрабаваў навязаць украінцам сваю перавагу, і гэта выразна было адлюстравана ў назвах гарадскіх аб’ектаў. Расія адкрыта перакрыўляла гістарычныя падзеі і знішчала ўкраінскую культуру. І падчас поўнамаштабнай вайны гэта выразна ўсе ўсвядомілі. Ужо год гарадскія ўлады сумесна з грамадскасцю ў сталіцы праводзяць маштабны працэс дэрусіфікацыі. У нас ёсць свае паэты, філосафы, навукоўцы, грамадскія дзеячы і героі, якія ў розныя перыяды працавалі на карысць і абаранялі наш горад, краіну ў цэлым«, – падкрэсліў Бандарэнка.
У Пячорскім раёне ўкраінскай сталіцы вуліца Дабралюбава, названая ў 1944 годзе ў гонар расійскага літаратурнага крытыка, была перайменавана ў гонар беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, выкладаў у школе Кіеўскай вобласці, а дзеянне яго двух аповесцяў — «Лісце каштанаў» і «У снягах драмае вясна» — адбываецца ва ўкраінскай сталіцы.
Нагадаем, што ў 2011 годзе ў Кіеве на вуліцы Кацюбінскага каля беларускай амбасады быў усталяваны помнік Уладзіміру Караткевічу. У беларускай сталіцы няма ні помніка Уладзіміру Караткевічу (ёсць толькі памятная дошка), ні вуліцы яго імя.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: