Афіцыйны герб Гродна: Фота: gs.archives.gov.by
Гродзенскія ўлады абвясцілі конкурс на лепшы эскізны праект манументальна-дэкаратыўнай скульптуры аленя — сімвала горада. Гарвыканкам запрашае да ўдзелу скульптараў і архітэктараў з профільнай адукацыяй.
Скульптура аленя мяркуецца тэматычнай: «Алень фестывальны», «Алень кінематаграфічны» і «Алень турыстычны». Скульптура павінна адпавядаць класічным традыцыям і мець вышыню да двух метраў.
Матэрыялы трэба падаць ананімна, а заяўкі прымаюцца да 29 студзеня 2026 года ўключна.
Гарвыканкам вызначыў месцы, дзе будуць стаяць скульптуры: мост па вуліцы Філарэта, які зараз рэканструююць, каля МЦ «Гродна» на вуліцы Савецкай, у скверы на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Урыцкага і каля крамы «Еўраопт» па вуліцы Ціміразева.
Нагадаем, што алень Святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі з‘яўляецца сімвалам Гродна і размешчаны на гарадскім гербе. Паводле гісторыкаў, герб з выявай аленя Святога Губерта мог быць нададзены Гродна яшчэ ў 1540 годзе каралевай Рэчы Паспалітай і вялікай княгіней ВКЛ Бонай Сфорца. Гараджане Гродна шанавалі Святога Губерта як заступніка паляўнічых і лічылі яго прыкладам у маральным самаўдасканаленні.
Герб быў скасаваны ў часы Расійскай імперыі, у нас час адноўлены 15 чэрвеня 1988 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram