У верасні ў Дзюсельдорфе праходзіў фестываль «Адкрытыя майстэрні». Беларускія мастакі Андрэй і Даніэль Дурэйкі прынялі ўдзел у праграме і запрасілі жадаючых наведаць свае майстэрні, размешчаныя ў іх доме.
«Адкрытыя майстэрні» ў Дзюсельдорфе адбываюцца ў 29-ты раз. Студыі адкрыліся для гледачоў у выходныя 13 і 14 верасня на поўдні Дзюсельдорфа і ў выходныя 20 і 21 верасня на поўначы Дзюсельдорфа.
Мірыям Кох, дарадца па культуры і інтэграцыі, называе імпрэзу адметнасцю культурнага года Дзюсельдорфа, таму што яна прапануе рэдкі, аўтэнтычны погляд за кулісы мастацкай працы.

З 2020 года сачыць за «арт-кропкамі» можна ў Instagram. На гэтай платформе прэзентуюць творчасць некаторых з мастакоў. Праз кароткія інтэрв’ю падпісчыкі атрымліваюць уяўленне аб творчасці аўтараў. Асаблівым попытам карыстаюцца экскурсіі па выбраных студыях з дасведчаным гідам, як правіла, таксама мастаком.

Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 383 мастакі, якія паказваюць свае працы ці ў галерэях, ці на адмысловых пляцоўках.
Спыталіся ў мастака Андрэя Дурэйкі, як прайшло мерапрыемства.

«Дзюсельдорф – горад мастацтва, таму традыцыя адкрытых майстэрняў даволі даўняя. Цяпер галерэйны сезон, адбываецца шмат актыўнасцей, аднак вядомыя мастакі не часта адчыняюць дзверы майстэрняў для шырокай публікі. У імпрэзе ўдзельнічала 201 майстэрня і 383 мастакі, паралельна адбываліся выставы ў арт-прасторах, але ў фармаце майстэрні. Бо тут, у Дзюсельдорфе, ёсць мастацкія майстэрні, якія займаюць цэлыя дамы. Ёсць мясцовыя саюзы мастакоў, у іх есць свае выставачныя прасторы.

Мы аб’ядналі свае майстэрні з сынам Даніэлем пад агульнай назвай ADDDDRUCK.

Даніэль скончыў мастацкі ўніверсітэт як камунікацыйны дызайнер. Ён шмат займаецца шаўкаграфіяй, на дыпломе паказаў серыю плакатаў, звязаных з абсурдам сучаснага палітычнага стану. Ён называе сваю майстэрню 223 — Zweizweidrei Studio — па пачатку індэксу нашага дома, у якім размешчаны майстэрні».


Працы былі аб’яднаны тэхналогіяй стварэння – друкам, рознымі тэхнікамі друкавання, гэта фатаграфія, лічбавая і традыцыйная друкаваная графіка, — тлумачыць Андрэй Дурэйка і расказвае пра экспазіцыю ў сваёй майстэрні: «Я канцэптуальны мастак, і ў сваёй постлінгвістычнай пластыцы імкнуся да мінімалізму. Форма прэзентацыі выглядала як архіў, але не з‘яўлялася ім. Я выбудаваў сваю выставу ў майстэрні як дыялог паміж рознымі медыямі, паміж фігуратыўнымі і абстрактнымі працамі, цытатамі і рэдзі-мэйдамі, якія я выкарыстоўваў, паміж сваёй пластыкай і тэкстамі. Для тых, хто часамі не бачыць сувязі ў маіх працах, мне здаецца, тут добра відаць логіку розных твораў, аб’яднаных адной лініяй».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram