Праект «Жоўтыя зоркі», прысвечаны Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакоста, які на працягу чатырох гадоў ладзіўся ў Беларусі, атрымаў новае жыццё ў Чарнагорыі. З 27 студзеня па 10 лютага ў Цэціне і Падгорыцы пройдуць канцэрты класічнай музыкі з нагоды памятнага дня, а адкрываць праект сёння ў Габрэйскім культурным цэнтры ў Будве будзе фотавыстава «Аскепкі памяці» Дзмітрыя Шаметкова.
Заснавальніца праекта, музыка Ганна Лянкова ладзіла «Жоўтыя зоркі» ў Дзяржаўнай філармоніі ў Мінску да 2021 года. Ідэя мерапрыемства палягала ў тым, каб праз адмыслова выбудаваную праграму класічнай і сучаснай музыкі стварыць моцнае выказванне на тэму. Ганна запрашала музыкаў з Беларусі, з розных краін для кожнага канцэрта, і гэтыя выступленні запаміналіся. Але ў пэўны момант паспяховая імпрэза, якая збірала станоўчыя водгукі, была заменена на дзяржаўнай пляцоўцы на іншую.


Зараз ініцыятыва музыкі атрымала другое жыццё ў Чарнагорыі — Ганна запрашае ўсіх далучыцца да канцэртаў, якія адбудуцца 29 студзеня ў Каралеўскім тэатры «Зецкім дом» у Цэціне, і 30 студзеня ў Вялікай зале Культурна-інфармацыйнага цэнтра Буда Тамовіча ў Падгорыцы.
У праграме вечароў прагучыць музыка: М. Вайнберга, Л. Ауэрбаха, Д. Шастаковіча, М. Гнесіна, А. Курбатава, М. Равеле, Э. Блоха, П. Назайкінскай, С. Пракоф’ева, М. Бруха, С. Барбера. Уваход на ўсе мерыпрыемствы — вольны.

Таксама сёння адкрывае «Жоўтыя зоркі» ў Будве выстава фатографа Дзмітрыя Шаметкова «Аскепкі памяці» — на якой прадстаўлены фотаздымкі з месцаў знішчэння габрэяў у Літве, Польшчы і Беларусі.
Як дзеліцца Дзмітрый, на сваю серыю яго натхнілі экскурсіі праекта «Фенікс», які робіць Музей Халакоста ў Іерусаліме.
«Гэта мае разважанні на тэму гэтых мясцін [знішчэння габрэяў]. Месцаў, куды жыццё ўжо не вярнулася і наўрад ці вернецца. На экспазіцыі прадстаўлена невялікая колькасць фотаработ, знятых у перыяд 2014-2017 гадоў, у Польшчы і Літве.
Гледзячы на гэтыя працы, я разумею, што памяць габрэйскага народа была разбіта на мноства аскепкаў: мары людзей, іх лёсы, сем’і, і сабраць каб аднавіць яе ўжо, немагчыма, нягледзячы на спробы. Пошукі сваякоў і радаводаў працягваюцца і сёння, але больш за 85% яўрэйскіх сем’яў у свеце падзяляюць гісторыю свайго роду на да і пасля. І як правіла, маладое пакаленне яўрэяў ужо не заўсёды ведае, хто і што было да іх, і хто мог бы быць.
І праз час, калі знаходзішся ў гэтых месцах, нечакана адчуваеш боль, як аскепкам шкла па руцэ, часцінкі якога трапляюць у скуру і глыбей, што робіць гаенне вельмі доўгім працэсам, а боль адчуваецца значна даўжэй звычайных парэзаў», — распавёў пра свой праект фатограф.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.