Выстава да 75-годдзя з дня нараджэння Ібрагіма Канапацкага (1949-2005) адкрылася ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук.
У экспазіцыі пад назвай «Ібрагім Канапацкі – пачынальнік адраджэння культуры татараў Беларусі: да 75-годдзя з дня нараджэння» прадстаўлены працы Ібрагіма Канапацкага 1980–2005 гадоў: кнігі, артыкулы ў навуковых зборніках і перыядычных выданнях, матэрыялы шматлікіх навуковых канферэнцый, ініцыятарам і ўдзельнікам якіх быў Канапацкі. А таксама яго манаграфія «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (1993 г., у суаўтарстве са Станіславам Думіным) і навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000 г., у сааўтарстве з Аляксандрам Смолікам).
Ібрагім Канапацкі — грамадскі і рэлігійны дзеяч беларуска-татарскага нацыянальнага адраджэння, кандыдат гістарычных навук, намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання татараў «Зікр уль-Кітаб».
У 1990-х Ібрагім Канапацкі стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага згуртавання татараў-мусульманаў «Аль-Кітаб» («Кніга»; ад 2000 — Беларускае грамадскае згуртаванне татараў «Зікр уль-Кітаб» («Памяць і кніга»). У 1993-м з яго ініцыятывы была праведзеная першая міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысвечаня 600-годдзю запрашэння татараў на землі Беларусі. У 1994-м быў сябрам арганізацыйнага камітэту па правядзенні Першага Усебеларускага з’езду мусульманаў, у адпаведнасці з рашэннямі якога 2 лютага было створанае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Ібрагім Канапацкі ўвайшоў у склад кіраўніцкага органу аб’яднання — муфтэят, стаўшы намеснікам муфтэя і старшынём мусульманскай суполкі Мінска. Сам праводзіў набажэнствы ў Смілавіцкай мячэці.
Ён быў галоўным рэдактарам часопіса «Байрам» (ад 1999; часопіс выходзіў на беларускай мове) — першага перыядычнага выдання беларускіх татараў за болей чым 600-гадовую гісторыю пасялення гэтага народа на землях Беларусі.
Прыкладаў вялікія намаганні для адбудовы мячэцей у Слоніме (1997), Смілавічах (1997), Наваградку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Маладзечне (2000), Лоўчыцах (2002) і Мінску. У 1995-м паспрыяў стварэнню татарскага культурнага цэнтра ў Іўі.
Ібрагім Канапацкі быў выдатным навукоўцам-гісторыкам і стваральнікам сучаснай навуковай школы татаразнаўства, які за паўтары дзесяцігоддзі падрыхтаваў групу навукоўцаў – спецыялістаў па гісторыі татар Вялікага Княства Літоўскага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: