Беларуская сацыялагіня Алена Агарэлышава, украінская мастачка Віра Ганжа, фатографка і даследніца Вольга Бубіч, фатографка Антаніна Палухіна стануць удзельніцамі Fem*PhotoWeekend, які пройдзе ў Берліне з 30 лістапада па 2 снежня. Падзея, якая мае тэматычны фокус «Вобразы памяці. Асабістыя фотаархівы як культурны супраціў», адбудзецца на пляцоўцы Fem*HUB і прапануе наведвальнікам і наведвальніцам пераасэнсаваць прасторы асабістых фотаархіваў, убачыўшы у іх інструмент захавання сваёй ідэнтычнасці ў часы вымушанай эміграцыі і знішчэння.
«На фотаздымках мы захоўваем успаміны – часта сфармаваныя пад уплывам пераломаў і стратаў – пра людзей, месцы і моманты. Фотаархівы, нягледзячы на тое, што створаны асобнымі людзьмі, выходзяць, аднак, за межы простай памяці: акрамя іншага, яны часта становяцца інструментамі культурнага супраціву, — уводзяць у тэму міні-фэсту арганізатары.
Праз збор, захаванне і пераасэнсаванне фотаздымкаў, архівы ствараюць прасторы, у якіх распавядаюцца асабістыя гісторыі і ставяцца пад сумнеў гістарычныя наратывы. Яны звязваюць індывідуальныя лёсы з калектыўным досведам і ўздымаюць пытанне аб тым, як можна выкарыстоўваць візуальныя сведчанні для захавання культурнай ідэнтычнасці, нягледзячы на вымушаную міграцыю, выгнанне або знішчэнне».
Праграму падзеі складаюць дыскусі, лекцыі, варкшопы, арт-токі з беларускімі і ўкраінскімі мастачкамі і даследчыцамі.
Так, 30 лістапада, Фотаўікенд распачнецца з абмеркавання фотаархіва, сабранага беларускай сацыялагіняй Аленай Агарэлышавай з прапанаваных на eBay здымках, зробленых нямецкімі салдатамі. На гэтых фатаграфіях паўстае Беларусь падчас сусветных войнаў. Дыскусія прадоўжыцца варкшопам па вырабе калажаў з рэпрадукцый фотаздымкаў Беларусі.
Увечары ў суботу ў Fem*HUB адбудзецца адкрыццё выставы ўкраінскай мастачкі Віры Ганжа «Паштоўкі не могуць быць дастаўлены». Імпрэза ўключае і артыст-ток з аўтаркай.
Пяцігадзінны фотаваркшоп украінскай фатографкі Антаніны Палухінай «Партрэт і ідэнтычнасць» пройдзе ў другі дзень міні-фестывалю – 1 снежня.
Увечары панядзелка завершыць уікенд лекцыяй беларускай фатографкі і даследчыцы Вольгі Бубіч на тэму сямейных і калектыўных фотаархіваў. На сустрэчы будзе прэзентавана і калекцыя фотакніг фотакрытыка.
Уваход на ўсе мерапрыемствы будзе вольны, але патрабуецца рэгістрацыя.
Fem*PhotoWeekend пройдзе на пляцоўцы Fem*HUB па адрасе Wartburgstr, 41, Berlin.
Дазнацца пра праграму болей можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram