У Берліне прайшла цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». Як гэта было? — фотарэпартаж

Дакументальныя стужкі «Смеласць» Аляксея Палуяна і «Мара» Сашы Кулак — пераможцы ў намінацыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм». Ігравая карціна Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Мінску» забрала ўзнагароду як «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм». Тэлеграм-апытанка ад Максіма Шведа на прадмет супадзення выбару кінематаграфістаў і кінакрытыкаў напярэдадні падзеі, хваляванне, радасць і жарты падчас уручэння. 17 лютага на пляцоўцы Gropius Bau Сinema ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю прайшла цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». І гэта была другая эдыцыя прэміі, і першая — якая адбылася ў такім фармаце.

На цырымонію ў Берлін з’ехаліся беларускія кінакрытыкі і кінематаграфісты з розных краін — нават з Беларусі, як жартуюць кінаадмыслоўцы. Ад еўрапейскай кінасупольнасці на імпрэзе прысутнічалі госці такога рангу, як генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI Клаўс Эдэр, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Дэніс Ру, прадзюсарка і прадстаўнік German Films ва Усходняй Еўропе Сімона Баўман, прадстаўнікі партнёраў прэміі, кінаадмыслоўцы. Усё гэта стала магчымым дзякуючы высілкам каманды «Чырвонага верасу» — кінакрытыкам і сузаснавальнікам прэміі Ірэне Кацяловіч і Тарасу Тарналіцкаму, а гэтаксама іх калегам, якія зрабілі падзею як нацыянальнага, так і міжнароднага плану.

Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI Клаўс Эдэр аб’яўляе пераможцу ў намінацыі «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм».  Вядучая цырымоніі — кінакрытык, сузаснавальніца прэміі «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч. Фота: Наталля Вавілонская.
Рэжысёрка Мара Тамковіч атрымала «Спецыяльную згадку» за фільм «У жывым эфіры». Дыпломы ўручаў кінакрытык, сузаснавальнік прэміі «Чырвоны верас» Тарас Тарналіцкі. Фота: Наталля Вавілонская.

Сярод адметнасцей сёлетняй эдыцыі, якая, нагадаем, вылучае найлепшыя фільмы і кінематаграфістаў за 2021-2022 гады, стаў не толькі, уласна, выбар кінакрытычнага журы, ды цырымонія ўзнагароджання на пляцоўцы ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінале, але і прызы, якія з’явіліся ў гэтым годзе. Пераможцам уручалі арыгінальныя ўзнагароды — цэгла, з якой «прабіваецца» каштоўная галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно, творцы якога робяць свае фільмы, нягледзячы на адсутнасць хоць якіх умоў. Аўтарам прыза выступіў беларускі мастак Аляксандр Адамаў, вядомы гледачу, у тым ліку, па сваёй працы ў серыяле «Працэсы» ад тэлеканала «Белсат». Арт-аб’ект трапна і з гумарам ілюструе, у якім стане цяпер беларускае незалежнае кіно.

Уладальнік узнагароды ў намінацыі «Найлепшы сцэнар» за фільм «Ператрымка» з серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі і аўтар арыгінальнага прыза для «Чырвонага верасу» Аляксандр Адамаў. Фота: Наталля Вавілонская.

Дарэчы, аўтары сцэнарыя першай серыі «Працэсаў» — «Ператрымка» — Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй — былі адзначаны ў намінацыі «Найлепшы сцэнар». Перамогу ў гэтай катэгорыі з імі падзяліў сцэнарыст і рэжысёр Уладзімір Казлоў за фільм «Лето 1989».

Узнагароду пераможцам у намінацыі «Найлепшы сцэнар» Андрэю Кашперскаму (фільм «Ператрымка») і Уладзіміру Казлову (фільм «Лета 1989) уручаў дырэктар Еўрапейскага кінарынку Дэніс Рух. Фота: Наталля Вавілонская.

У цэлым, па выніках другой эдыцыі «Чырвонага верасу» ажно ў чатырох намінацыях два прэтэндэнты набралі аднолькавую колькасць галасоў журы — гэта таксама можна назваць сярод адметнасцяў вынікаў. І каманда прэміі вырашыла не скнарнічаць.

Акрамя вышэйзгаданай намінацыі «Найлепшы сцэнар», у катэгорыі «Найлепшая праца аператара(кі)» трыумф падзялілі Таццяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Смеласць» ды Юлія Шатун за фільм «Спатканне ў Менску». А таксама два пераможцы апынуліся ў намінацыі «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм» — тут перамогу ўзялі «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч і «Метадычка» Паўла Мажара. А ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» панавалі дзве выбітныя стужкі — «Мара» Сашы Кулак і «Смеласць» Аляксея Палуяна.

Таццяна Гаўрыльчык разам з Есэ Мазухам (фільм «Смеласць») і Юля Шатун (фільм «Спатканне ў Мінску») былі ўганараваны ў намінацыі «Найлепшыя праца аператара» . Фота: Наталля Вавілонская.
Аляксей Палуян (фільм «Смеласць») разам з Сашай Кулак (фільм «Мара») падзяляюць трыўмф за найлепшыя дакументальныя поўнаметражныя фільмы ў 2021-2022 годзе. Фота: Наталля Вавілонская.

Агулам жа ўзнагароды размеркаваліся наступны чынам.

«Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм»

«Мара» Сашы Кулак

«Смеласць» Аляксея Палуяна

«Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»

«Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч

«Метадычка» Паўла Мажара

«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»

«Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага

«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»

«Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі

Рэжысёр карціны «Смеццевая галава» Юрый Сямашка атрымоўвае ўзнагароду за «Найлепшы кароткаметражны фільм» ад генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI Клаўса Эдэра. Фота: Наталля Вавілонская.

«Найлепшы анімацыйны фільм»

«Shirey Mara» Наты Карнеевай

Кінакрытык і сябра журы «Чырвонага верасу» Максім Жбанкоў агучыў пераможцу ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм». Ім стала карціна Наты Карнеевай «Shirey Mara». Узнагроду да імя рэжысёркі атрымаў прадзюсар, адзін з заснавальнікаў BFN Леанід Каліценя. Фота: Наталля Вавілонская.

«Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)»

Мікіта Лаўрэцкі за фільм «Спатканне ў Менску»

Мікіта Лаўрэцкі ўзяў узнагароду ў катэгорыі «Найлепшы рэжысёр». Гэтаксама яго стужка «Спатканне ў Мінску» была прызнана «Найлепшым ігравым поўнаметражным фільмам». Рэжысёр не здолеў прысутнічаць на цырымоніі, але перадаў відэапрывітанне. Фота: Наталля Вавілонская.

«Найлепшы актор»

Андрэй Новік за ролю ў фільме «Ператрымка»

«Найлепшая акторка»

Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканне ў Мінску» і «A Kid’s Flick»

Пераможцу ў намінацыі «Найлепшая акторка» назвала кінакрытык і сябра журы Ганна Яфрэменка. Нагадаем, што ў гэтай катэгорыі была адзначана Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканне ў Мінску» і «A Kid’s Flick». Фота: Наталля Вавілонская.

«Найлепшая праца аператара(кі)»

Таццяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Смеласць»

Юлія Шатун за фільм «Спатканне ў Менску»

«Найлепшы сцэнар»

Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Ператрымка»

Уладзімір Казлоў за фільм «Лета 1989»

«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»

Юрый Сямашка за фільм «Смеццевая галава»

«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»

Вольга Падгайская за фільм «Галасы. Дзе мой край»

Вольга Падгайская была ўганаравана ў намінацыі «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)» за фільм Максіма Шведа «Галасы. Дзе мой край». «Дзякуй Максіму Шведу, які абраў мяне ў якасці кампазітаркі. І дзякуй журы, якое зрабіла правільны выбар», — сказала яна на цырымоніі. Фота: Наталля Вавілонская.

«Адкрыццё года»

Юрый Сямашка

«Спецыяльныя згадкі» за выключныя дасягненні, якія робяць гісторыю беларускага кіно і пішуць летапіс гісторыі краіны, былі ўручаныя:

Мары Тамковіч

«За віртуознае мастацкае адлюстраванне трагедыі цэлай краіны праз кароткі эпізод у менскай кватэры ў фільме «У жывым эфіры»

Калектыўнаму сведку

«За аматарскія і прафесійныя, выпадковыя і наўмысныя, у пісьме, відэа і ў памяці – за шматлікія сведчанні падзеяў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, якія складаюць летапіс краіны і становяцца часткаю нацыянальнай культуры»

Захавальніцаю «Спецыяльнай згадкі» калектыўнаму сведку сталася рэжысёрка Вольга Абрамчык, якая выкарыстала яго сведчанні для свайго фільму «Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета».

Такім чынам, найбольшая колькасць узнагарод у Мікіты Лаўрэцкага і яго каманды, а таксама — у Юрыя Сямашкі, які ў выніку павязе дадому тры важкія «верасы».

Юрый Сямашка і яго тры «цагляныя» «верасы» і Андрэй Кашперскі, чыя «Ператрымка» атрымала дзве ўзнагароды — за найлепшы сцэнар і найлепшую працу актора. Фота: Наталля Вавілонская.

«Мы тут, бо мы шануем беларускае кіно, і гэта не таму, што нехта з міжнародных журы гэта вырашыў, а таму што мы ганарымся ім», — сказала падчас цырымоніі кінакрытык Ганна Яфрэменка, чые словы можна зрабіць лейтматывам учорашніх урачыстасцей.

Дарэчы, на 80 адсоткаў перавагі беларускіх кінематаграфістаў у апытанцы ад Максіма Шведа супалі з выбарам беларускіх кінакрытыкаў.

Журы, лаўрэаты, ганаровыя госці і частка каманды «Чырвонага верасу’24». Фота: Наталля Вавілонская.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

Последние новости

  • Black&White
  • Survivors
  • Авто
  • Армия
  • Без рубрики
  • Беларускі Моладзевы Хаб
  • В мире
  • Выжившие
  • Интервью
  • Комментарий
  • Культура
  • Ликвидация
  • Мнение
  • Наука
  • Новости
  • Новости Германии
  • Плебисцит
  • Подкасты
  • Политика
  • Происшествия
  • Пятая республика
  • Разное
  • Расследование
  • Саша, что ты несешь?!
  • Спорт
  • Статьи
  • Сэнс
  • Тесты
  • Технологии
  • Фейсбук

Путин подтвердил удары ATACMS и Storm Shadow по РФ и наличие погибших

21.11.2024
  • Новости
  • Политика

Лавров прибыл в Брест

21.11.2024