Дакументальныя стужкі «Смеласць» Аляксея Палуяна і «Мара» Сашы Кулак — пераможцы ў намінацыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм». Ігравая карціна Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Мінску» забрала ўзнагароду як «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм». Тэлеграм-апытанка ад Максіма Шведа на прадмет супадзення выбару кінематаграфістаў і кінакрытыкаў напярэдадні падзеі, хваляванне, радасць і жарты падчас уручэння. 17 лютага на пляцоўцы Gropius Bau Сinema ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю прайшла цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». І гэта была другая эдыцыя прэміі, і першая — якая адбылася ў такім фармаце.
На цырымонію ў Берлін з’ехаліся беларускія кінакрытыкі і кінематаграфісты з розных краін — нават з Беларусі, як жартуюць кінаадмыслоўцы. Ад еўрапейскай кінасупольнасці на імпрэзе прысутнічалі госці такога рангу, як генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI Клаўс Эдэр, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Дэніс Ру, прадзюсарка і прадстаўнік German Films ва Усходняй Еўропе Сімона Баўман, прадстаўнікі партнёраў прэміі, кінаадмыслоўцы. Усё гэта стала магчымым дзякуючы высілкам каманды «Чырвонага верасу» — кінакрытыкам і сузаснавальнікам прэміі Ірэне Кацяловіч і Тарасу Тарналіцкаму, а гэтаксама іх калегам, якія зрабілі падзею як нацыянальнага, так і міжнароднага плану.
Сярод адметнасцей сёлетняй эдыцыі, якая, нагадаем, вылучае найлепшыя фільмы і кінематаграфістаў за 2021-2022 гады, стаў не толькі, уласна, выбар кінакрытычнага журы, ды цырымонія ўзнагароджання на пляцоўцы ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінале, але і прызы, якія з’явіліся ў гэтым годзе. Пераможцам уручалі арыгінальныя ўзнагароды — цэгла, з якой «прабіваецца» каштоўная галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно, творцы якога робяць свае фільмы, нягледзячы на адсутнасць хоць якіх умоў. Аўтарам прыза выступіў беларускі мастак Аляксандр Адамаў, вядомы гледачу, у тым ліку, па сваёй працы ў серыяле «Працэсы» ад тэлеканала «Белсат». Арт-аб’ект трапна і з гумарам ілюструе, у якім стане цяпер беларускае незалежнае кіно.
Дарэчы, аўтары сцэнарыя першай серыі «Працэсаў» — «Ператрымка» — Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй — былі адзначаны ў намінацыі «Найлепшы сцэнар». Перамогу ў гэтай катэгорыі з імі падзяліў сцэнарыст і рэжысёр Уладзімір Казлоў за фільм «Лето 1989».
У цэлым, па выніках другой эдыцыі «Чырвонага верасу» ажно ў чатырох намінацыях два прэтэндэнты набралі аднолькавую колькасць галасоў журы — гэта таксама можна назваць сярод адметнасцяў вынікаў. І каманда прэміі вырашыла не скнарнічаць.
Акрамя вышэйзгаданай намінацыі «Найлепшы сцэнар», у катэгорыі «Найлепшая праца аператара(кі)» трыумф падзялілі Таццяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Смеласць» ды Юлія Шатун за фільм «Спатканне ў Менску». А таксама два пераможцы апынуліся ў намінацыі «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм» — тут перамогу ўзялі «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч і «Метадычка» Паўла Мажара. А ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» панавалі дзве выбітныя стужкі — «Мара» Сашы Кулак і «Смеласць» Аляксея Палуяна.
Агулам жа ўзнагароды размеркаваліся наступны чынам.
«Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм»
«Мара» Сашы Кулак
«Смеласць» Аляксея Палуяна
«Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»
«Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч
«Метадычка» Паўла Мажара
«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»
«Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага
«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»
«Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі
«Найлепшы анімацыйны фільм»
«Shirey Mara» Наты Карнеевай
«Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)»
Мікіта Лаўрэцкі за фільм «Спатканне ў Менску»
«Найлепшы актор»
Андрэй Новік за ролю ў фільме «Ператрымка»
«Найлепшая акторка»
Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканне ў Мінску» і «A Kid’s Flick»
«Найлепшая праца аператара(кі)»
Таццяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Смеласць»
Юлія Шатун за фільм «Спатканне ў Менску»
«Найлепшы сцэнар»
Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Ператрымка»
Уладзімір Казлоў за фільм «Лета 1989»
«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»
Юрый Сямашка за фільм «Смеццевая галава»
«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»
Вольга Падгайская за фільм «Галасы. Дзе мой край»
«Адкрыццё года»
Юрый Сямашка
«Спецыяльныя згадкі» за выключныя дасягненні, якія робяць гісторыю беларускага кіно і пішуць летапіс гісторыі краіны, былі ўручаныя:
Мары Тамковіч
«За віртуознае мастацкае адлюстраванне трагедыі цэлай краіны праз кароткі эпізод у менскай кватэры ў фільме «У жывым эфіры»
Калектыўнаму сведку
«За аматарскія і прафесійныя, выпадковыя і наўмысныя, у пісьме, відэа і ў памяці – за шматлікія сведчанні падзеяў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, якія складаюць летапіс краіны і становяцца часткаю нацыянальнай культуры»
Захавальніцаю «Спецыяльнай згадкі» калектыўнаму сведку сталася рэжысёрка Вольга Абрамчык, якая выкарыстала яго сведчанні для свайго фільму «Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета».
Такім чынам, найбольшая колькасць узнагарод у Мікіты Лаўрэцкага і яго каманды, а таксама — у Юрыя Сямашкі, які ў выніку павязе дадому тры важкія «верасы».
«Мы тут, бо мы шануем беларускае кіно, і гэта не таму, што нехта з міжнародных журы гэта вырашыў, а таму што мы ганарымся ім», — сказала падчас цырымоніі кінакрытык Ганна Яфрэменка, чые словы можна зрабіць лейтматывам учорашніх урачыстасцей.
Дарэчы, на 80 адсоткаў перавагі беларускіх кінематаграфістаў у апытанцы ад Максіма Шведа супалі з выбарам беларускіх кінакрытыкаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: