У бліжэйшую пятніцу ў Бельску-Падляшскім распачнецца фестываль, які прадстаўляе бардаўскую і аўтарскую песню на беларускай мове, «Бардаўская восень». Фестываль пройдзе ў 30-ты раз і стане мультыдысцыплінарным: акрамя аўтарскай музыкі, у праграме кінапаказ, дыскусія, лекцыя і паэтычны стэндап.
24 кастрычніка імпрэза пройдзе з 17.00 да 21.00. Чакаецца праграма «Звышверш» Віктара Сямашкі з удзелам Хору вольных беларусаў «Гук цішы»; выступ пераможцы анлайн-конкурсу выканаўцаў «Бардаўскай восені» — Юстыны Карпіловіч; выступ Anduś Kapeły.
У юбілейны год падсумуюць працу фестывалю ў адмысловай дыскусіі, на якой абмяркуюць, як усё пачыналася, і што сёння засталося ад першапачатковай ідэі. Якой была роля гэтай падзеі? Што пакінула найяскравейшы след у памяці заснавальнікаў фестывалю? Як фестываль аб’ядноўваў выканаўцаў з Беларусі і Беласточчыны?
На наступны дзень, 25 кастрычніка, чакаецца лекцыя-прэзентацыя «Дзяды – абрад і літаратура» Гражыны Харытанюк-Міхей; паказ кіно «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» і сустрэча з рэжысёрам Юрыем Сямашкам і выканаўцам галоўнай ролі Вячаславам Кмітам; паэтычны стэндап «Гітара. Швэдар. Вогнішча» Віталя Рыжкова; выступ Кміт-ансамбля.
На «Бардаўскай восені» адбудзецца ўручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава.
Уваход на ўсе падзеі вольны.
Расклад — на сайце аднаго з арганізатараў фестывалю — фундацыі Tutaka.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram