«ГУпоЗ» — такую назву мае дакументальная стужка праваабаронцы і падзвіжніцы кіно Таццяны Гацуры-Яворскай, у цэнтры ўвагі якой — сістэма аховы здароўя і рэпрэсіі над лекарамі ў Беларусі. Прэм’ера карціны адбудзецца 2 лістапада ў Варшаве ў Беларускім Моладзевым Хабе.
«Фільм «ГУпоЗ» развенчвае міфы аб даступнасці і якасці медыцынскіх паслуг у Беларусі і аналізуе сістэмныя памылкі, — адзначаецца ў анатацыі да кіно Таццяны Гацуры-Яворскай. — Ён заснаваны на адкрытых звестках, унутраных дакументах Міністэрства аховы здароўя і інтэрв’ю з урачамі розных спецыяльнасцей».
У героях карціны — як прафесіяналы сусветнага ўзроўню, якія з’ехалі працаваць за мяжу, так і іншыя дактары-адмыслоўцы, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных прычынах.
«Меркаванне другога боку таксама было ўлічана, — падкрэсліваюць аўтары кіно, — па ўсіх узнятых пытаннях выказалася галоўдоктар 3-й Гарадской клінічнай бальніцы Мінска».
На прэм’еры фільма будуць прысутнічаць: праваабаронца, дырэктарка фестывалю WATCH DOCS і рэжысёрка Таццяна Гацура-Яворская, урач-эндаскапіст і каардынатар Фонду медсалідарнасці Лідзія Тарасенка, урач-гінеколаг і прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей, урач-педыятр і блогер Майя Церакулава.
Нагадаем, што ў 2021 годзе грамадскае аб’яднанне «Звяно» Таццяны Гацуры-Яворскай выступіла арганізатарам у Мінску выставачнага праекта «Машына дыхае, а я — не». Праект праз мастацкія выказванні «агаляў» праблемы сістэмы аховы здароўя ў сітуацыі пандэміі. Выстава была забаронена ўладамі, Таццяну Гацуру-Яворскую затрымалі па крымінальнай справе, потым яе адпусцілі, выслаўшы з Беларусі мужа-ўкраінца. Праз нейкі час і грамадская арганізацыя «Звяно» беларускай праваабронцы была ліквідаваная. Таццяна з’ехала з Беларусі, будучы пад следствам.
Час і месца паказу дакументальнай карціны «ГупоЗ» — 2 лістапада, 19.00, Беларускі Моладзевы Хаб (Dozynkowa, 6а).
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: