У беларускі і расійскі пракат выходзіць стужка «Чорны замак» «на аснове рамана Уладзіміра Караткевіча» — атракцыён з беларускім каларытам

Культура
Скрыншот з трэйлера фільма.

У той час, калі па ініцыятыве прапагандыста і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча прыбіраюць са школьнай праграмы, у Расіі і Беларусі ў пракат выходзіць стужка «Чорны замак» па рамане беларускага класіка. Стваральнікі кажуць пра глядацкае кіно, сучасны кантэкст і відовішчнасць. Але факт застаецца фактам: рэжысёрам стужкі выступае расійскі пастаноўшчык «Самого лучшего фильма» і серыялаў «Сергий против нечисти», «Лондонград. Знай наших» Кірыл Кузін. Галоўныя ролі ў стужцы выконваюць расійскія акторы. Сімптаматычна, што гэта каланіяльнае кіно, знятае пры ўдзеле «Беларусьфільма», робіць адсылкі да гісторыі Беларусі — пераўтвараючы яе, у пэўным сэнсе, у прыгожае фэнтэзі.

Нагадаем, што сцэнарыстам і прадзюсарам кінапраекта з’яўляецца прадзюсар такіх баевікоў як «Чорны сабака», «Снайпер», «Маёр Ветраў» Глеб Шпрыгаў.

«Гэта не экранізацыя, мы не ставілі сабе такую мэту, — літаральна ўчора беларускі кінематаграфіст у тэлешоу «ДА!НО» падзяліўся творчай канцэпцыяй карціны. — Бо ўжо ёсць такі фільм, які з’яўляецца дастаткова блізкай экранізацыяй рамана (маецца на ўвазе двухсерыйная карціна «Чорны замак Альшанскі» Міхаіла Пташука — Reform.news), і Караткевіч асабіста прымаў удзел [у гэтым праекце] як аўтар сцэнара. Таму задача [нашай творчай групы] была цалкам іншай — паказаць, наколькі гэты раман, які быў напісаны даўно, і ў якім дзеянне адбываецца ў розных часавых пластах, больш за пяць пластоў, але мы пакінулі два (адчуванне было, што тут прамову прадзюсара падрэзалі)… Задача была паказаць, наколькі ён сучасны, і мы перанеслі дзеянне ў нашы дні, каб паказаць, наколькі гэта ўсё блізкае сучасніку, тым людзям, якія жывуць зараз. Напэўна, назваць гэта экранізацыяй немагчыма — гэта [карціна], як пішуць — «на аснове рамана Уладзіміра Караткевіча», — давёў сваю думку Глеб Шпрыгаў. Пры гэтым суаўтар расійска-беларускіх баевікоў адзначыў, што кіно дае пэўныя адсылкі, «разуменне таго, што такое наша гісторыя», «наша ідэнтыфікацыя».

У беларускі і расійскі пракат выходзіць стужка «Чорны замак» «на аснове рамана Уладзіміра Караткевіча» — атракцыён з беларускім каларытам
Скрыншот з трэйлера фільма.

Нагадаем, як падаецца новы кінатвор у прэсе.

«В основе сюжета – история о древнем манускрипте, в котором зашифрованы данные о сокровищах, спрятанных в Черном замке князя Ольшанского. Все загадки замка предстоит разгадать палеографу и писателю из Минска Антону Космичу, который изучает историю родного края. По древней легенде в XVI веке князь завладел сокровищами повстанцев и спрятал их, но вскоре умер, оставив после себя лишь документ, в котором зашифровал местонахождение богатств. Антон решает разгадать тайну манускрипта и найти сокровища. Он отправляется в Черный замок. Кроме него поисками занимается последний потомок князя Ольшанского, который считает себя единственным владельцем сокровищ», — піша пра кіно «Чырвоны Кастрычнік».

Рэжысёр стужкі Кірыл Кузін раней увогуле прасіў гледачоў не праводзіць паралелі з кнігай.

«Наш фільм — гэта асобны мастацкі твор. У ім засталіся галоўныя рухавічкі, матывацыі і думкі аўтара, на аснове якіх мы знялі забаўляльнае кіно. Дэтэктыў, прыгоды, месцамі фэнтэзі — такое змешванне жанраў. Мы пастараліся вялікі раман змясціць у дзве гадзіны. За гэты час трэба было, з аднаго боку, захаваць тую глыбіню, якую заклаў у твор Уладзімір Караткевіч, з другога – стварыць карціну, пры праглядзе якой малады глядач не пачаў бы праз 20 хвілін глядзець у тэлефон. Таму выйшла такая двухгадзінная гісторыя, хоць знята было нашмат больш матэрыялу. Месцамі прафесіяналам, магчыма, будзе заўважна, што пэўныя вуглы зрэзаныя, але кіно — гэта заўсёды кампраміс», — прызнаўся ён.

Забаўна, што стваральнікі «Чорнага замку», «выняўшы» з Караткевіча ўсю прыгодніцкую частку і зрабіўшы з яе відовішча, тую самую сучаснасць, пра якую так ахвотна казаў Шпрыгаў, — таксама пакідаюць даволі ўмоўнай. Аніякай палітыкі і пэўных маркераў, як той казаў.

Але нагадаем, дзе і кім стваралася карціна.

Фільм здымаўся ў Беларусі — у Іўеўскім, Лідскім, Браслаўскім раёнах, Гродне, Лідзе, Полацку, Глыбокім, Міры, Нясвіжы, Мінску.

Асноўная інтэр’ерная дэкарацыя была пабудавана на «Беларусьфільме» — мастак-пастаноўшчык «Чорнага замка» Наталля Навоенка, заўважым, працавала раней на фільме «Купала» Уладзіміра Янкоўскага.

«Інтэр’ер Чорнага замка ствараўся рукамі нашых дэкаратараў і мастакоў па адноўленых чарцяжах і маім мастацкім бачанні, — распавядала спецыялістка на сустрэчы з прэсай у верасні. — Наш асноўны нацыянальны гістарычны, культурны, архітэктурны фонд дастаткова моцна пацярпеў за час усіх гістарычных падзей і войнаў, таму для аднаўлення такой глыбокай гісторыі — нават не XIX стагоддзе, а XV-XVI — трэба паднімаць практычна ўсю гістарыяграфію нашай краіны».

У беларускі і расійскі пракат выходзіць стужка «Чорны замак» «на аснове рамана Уладзіміра Караткевіча» — атракцыён з беларускім каларытам
Скрыншот з трэйлера фільма.

У гэтым сэнсе — працы беларускіх адмыслоўцаў — мастакоў, дэкаратараў, грымёраў — фільм, безумоўна, знаходзіцца на ўзроўні.

У галоўных ролях у карціне задзейнічаны: расійскія акцёры Яўген Шварц, Яўген Стычкін, Віталь Кішчанка, Віктар Вяржбіцкі. З беларускіх артыстаў у карціне граюць Анастасія Красоўская, Аляксандр Абрамовіч; у ролі князя Слуцкага з’яўляецца і актуальны міністр культуры, актор Руслан Чарнецкі.

Збольшага расійскія артысты, як і беларускія, з працай у кіно спраўляюцца. Але справа ў іншым.

Справа ў тым, што перад намі паўстае зноў тыповае каланіяльнае кіно, у якім удзел беларускага боку абмяжоўваецца тэхнічнай і прафесійнай базай. І нават твор Уладзіміра Караткевіча ў першую чаргу разглядаецца ў жанравым ключы — гістарычны дэтэктыў, фэнтэзі. Аднак як у савецкія часы праз жанравыя рамкі беларускі класік прасоўваў сваю Беларусь, так у сваім кіно Глеб Шпрыгаў і Кірыл Кузін не маглі цалкам пазбавіцца ад культуры, якой прысвечаны раман. Аказалася, што галаваломкі, схаваныя скарбы, замкі, сярэднявечная гісторыя — усе атрыбуты добрага прыгодніцкага кіно, якія цікава «разыграць» незалежна ад кантэксту, пры экранным увасабленні ўсё ж такі гэту прывязку да тэрыторыі і кантэксту маюць. Хочаш паказаць Беларусь XV-XVI стагоддзя — занурайся ў гісторыю касцюма ці архітэктуры. У прастору месца. У часавыя пласты. А там праз візуальнае аблічча непазбежна прыходзіць і адсылка да мінулага і той самай «ідэнтыфікацыі», якая не такая простая, як часта любяць прыпадносіць яе прапагандысты.

У беларускі і расійскі пракат выходзіць стужка «Чорны замак» «на аснове рамана Уладзіміра Караткевіча» — атракцыён з беларускім каларытам

Але не будзем цешыць сябе — «Чорны замак» паўстаў роўна ў тым фармаце, які яму быў дазволены. Забаўляльнае кіно з беларускім каларытам. Караткевіч для ўсіх — і для нікога.

З 12 снежня фільм — у беларускім і расійскім пракаце.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: