Беларуская дзяржфілармонія анансавала на сваёй сцэне паказ рок-оперы «Распятая юность» Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатр ім. М. Галубовіча.
«Эмацыйнае музычнае апавяданне-боль імкнецца выкласці вядомую з падручнікаў гісторыі легенду пра дзейнасць падпольнай моладзевай арганізацыі «Маладая гвардыя» вачыма сучаснай моладзі», — распавядаецца пра спектакль, які адбудзецца 23 сакавіка.
Гастролі расійскіх тэатраў у Беларусі сталі ўжо звыклай практыкай. Гэтым разам беларускага гледача запрашаюць на пастаноўку тэатра з анэксаванай тэрыторыі, і гэта таксама ўжо не першыя гастролі ўстановы з «ЛНР» у краіне.
Летась калектыў тэатра прывозіў у Беларусь спектаклі «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна» і «Апошняе каханне Дзеда Мароза». Сёлета рок-оперу пра «Маладую гвардыю» пакажуць яшчэ ў Віцебску ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа.
Цікава, што прэм’ера рок-оперы «Распятая юность» адбылася яшчэ ў 2012 годзе да 70-годдзя стварэння антыфашысцкага руху «Маладая гвардыя». З ім калектыў пасля аб’ездзіў Расію.
Гастролі Луганскага тэатра прымеркаваны «да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў».
Нагадаем, што ў 2014 годзе Луганск быў акупаваны Расіяй з дапамогай сепаратысцкіх сілаў і стаў «сталіцай» «Луганскай народнай рэспублікі». З 2014 па 2022 год «ЛНР» існавала ў якасці самаабвешчанага дзяржаўнага ўтварэння, а ў 2022 годзе была анэксаваная Расеяй.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram