На могілках у вёсцы Нявязцы Слуцкага раёна сваякі беларускага гісторыка, архівісткі Наталлі Гардзіенка знайшлі магілу паэта-маладнякоўца Апанаса Атавы (1903—1962). Фатаграфіямі верагоднага месца пахавання літаратара даследчыца падзялілася ў сацсетках.
Апанас Атава (сапраўднае імя Канановіч Апанас Майсеевіч), нарадзіўся 8 (21) мая 1903 года ў вёсцы Нявязцы, цяпер Слуцкі раён Мінскай вобласці. Сышоў — 28 кастрычніка 1962 года. Беларускі паэт-маладняковец.
Скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам у школах Слуцкага, Любанскага, Лунінецкага раёнаў. У 1925 годзе быў дэлегатам Першага з’езду літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў яго Слуцкай філіі, якая дзейнічала ў 1925—1927 гадах лічыўся адным з самых актыўных і здольных літаратараў. Уваходзіў у згуртаванне «Літаратурна-мастацкая камуна».
Першы верш быў надрукаваны ў слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік» у 1925 годзе. Вершы публікаваліся ў зборніку «Слуцкія песняры» (Мінск, 1926), літаратурным альманаху «Уздым», часопісе «Росквіт» і іншых выданнях. Пісаў таксама фельетоны, вядомы фрагменты аповесці «Цыганскі пасёлак — камуна» (1930).
Пісаў толькі ў 1920-я гады, што, верагодна, і выратавала яго ад рэпрэсій у БССР.
Месца пахавання невядомае (хоць ва ўсіх даведніках ёсць дакладная дата смерці).
Сыходзячы са знаходкі, атрымоўваецца, што пахаваны Апанас Атава ў вёсцы Нявязцы, там, дзе і нарадзіўся.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram