У санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 4 і 5 ліпеня адбываецца Будслаўскі фэст — штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Будслаўскі фэст адбываецца ў першую пятніцу і суботу ліпеня. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Божая міласэрнасць — давяраем табе».

На фэст сабраліся ўсе біскупы Каталіцкай царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі манаскіх ордэнаў.
Сёлета споўнілася 35 гадоў, як аднавіліся пешыя пілігрымкі ў Будслаў, пешкі і на роварах у Будслаў прыбыла рэкордная лічба пілігрымаў — амаль 2500 чалавек. Некаторыя з пешых пілігрымак доўжацца больш за два тыдні.

У першы дзень прайшоў Хрэсны шлях, пасля — працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, апоўначы — святая Імша.
На галоўнай святой Імшы прысутнічаў новы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалья.
У сваёй гаміліі ён упершыню звярнуўся да беларусаў: перадаў благаславенне ад Папы Рымскага Льва XIV, сказаў, што хоча ісці разам з католікамі Беларусі, «спазнаць аблічча гэтага жывога Касцёла».

Анлайн-трансляцыя асноўных мерапрыемстваў фэста адбываецца на канале Нацыянальнага санктуарыя.


У 2018 годзе UNESCO ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram