У Беларускім саюзе архітэктараў прайшла дыскусія, на якой узнімалася пытанне аб Мінскім замчышчы, піша выданне «Минск-Новости».
Вынікам дыскусіі стаў зварот да Мінгарвыканкама з ідэяй правесці архітэктурны конкурс на ўладкаванне тэрыторыі замчышча.
У заданне на праектаванне, на думку намесніка старшыні гэтай грамадскай арганізацыі Міхаіла Гаўхфельда, павінны быць уключаны рэканструкцыя будынка на праспекце Пераможцаў, 2 пад музей гісторыі, будаўніцтва пешаходнага моста праз Свіслач ад Траецкага прадмесця і падземнага пешаходнага тунэлю ад вуліцы Зыбіцкай да Замчышча, размяшчэнне помнікаў князю Глебу Менскаму, бітве на рацэ Нямізе, макета гістарычнага цэнтра горада і іншае.
Дзмітрый Бубноўскі, які некалі працаваў над канцэпцыяй усяго гістарычнага цэнтра, паведаміў, што музеі, асабліва археалагічныя, наўрад ці будуць папулярныя ў жыхароў і гасцей горада. А сродкаў на будаўніцтва такога аб’екта патрэбна шмат. Найлепшым варыянтам архітэктар бачыць сіцімол, дзе можна ў любое надвор’е цікава правесці час усёй сям’ёй. А на конкурсе прапанаваў не абмяжоўваць фантазію ўдзельнікаў.
Архітэктар Яўген Вінічэнка выказаў сваю пазіцыю: абноўленае замчышча павінна стаць жамчужынай горада, альбо не варта наогул брацца за яго. Заказны конкурс, асабліва міжнародны, тут не абавязковы, канцэпцыю развіцця тэрыторыі па сілах распрацаваць беларускім архітэктарам, лепш за ўсіх дасведчаным у гісторыі горада. Аўтар гэтай ідэі разам з калегам ужо працуюць над падобнай канцэпцыяй.
Святлана Барысовіч з Мінскага гарадскога інстытута добраўпарадкавання і гарадскога дызайну прапанавала самую простую і незатратную ідэю — пазначыць валы замчышча брукаваннем і дадаць да гэтага інфармацыйныя стэнды альбо мультымедыйныя экраны з відэарадам. Гэты варыянт выклікаў усеагульнае адабрэнне.
Галоўны архітэктар сталіцы Віктар Гуцько, які прысутнічаў на дыскусіі, падтрымаў задумку пра конкурс ідэй. А таксама ацаніў (як найбольш блізкую да рэалізацыі) прапанову паказаць брукаваннем контуры старажытнага горада. Ідэю падземных збудаванняў не падтрымаў — не толькі з-за аб’ёмаў фінансавання, але і з-за тэхналагічнай складанасці іх рэалізацыі.
Віктар Гуцько паведаміў, што нядаўні конкурс макетаў Мінскага замчышча не даў вынікаў. Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што, магчыма, не варта абмяжоўвацца макетам замчышча, а зрабіць мініяцюру ўсяго гістарычнага цэнтра з найбольш знакавымі аб’ектамі.
У 2024 годзе спаўняецца 20 гадоў з моманту актыўнага старту рэканструкцыі гістарычнай часткі Мінска. Не закрануў працэс толькі тэрыторыю замчышча, дзе каля тысячы гадоў таму зарадзіўся горад.
У 2013 годзе быў гатовы праект стварэння гісторыка-культурнага комплексу на месцы Мінскага замчышча, аднак ён не быў рэалізаваны.
Прапаноўваліся і альтэрнатыўныя варыянты, як, напрыклад, музей у будынку Пераможцаў, 2, ці ўзнаўленне фрагментаў абарончых валоў з кавярняй унутры іх.
Тэлеграм-канал «Спадчына» абурыўся прапановамі, якія выказваліся на дыскусіі: «Ізноў дасталі праект 10-гадовай даўніны з «балаганчыкам» аўтарства Багласава» (маецца на ўвазе праект 2013 года). Аўтары допісу згадваюць праект Таварыства аховы помнікаў з узнаўленнем рэальнай забудовы XIX-XX стагоддзяў.
Аднак на сёння ў Беларусі «няма ні інтэлектуальных, ні палітычных, ні эканамічных сіл на такія праекты», — падводзіць высновы «Спадчына».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram