1 лютага ў адным з найвядомейшых польскіх незалежных авангардных тэатраў Komuna Warszawa адбудзецца прэм’ера спектакля ў пастаноўцы беларускай рэжысёркі Паліны Дабравольскай. Пастаноўка мае назву — «Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча» («Wyjdę z lasu, wyciągnę grzbiet i będzie mi służył zamiast miecza»).
«Спектакль — пра эміграцыю, пошук сябе і захаванне ўнутранай хатняй хіміі, — адзначаецца ў анатацыі, якой падзялілася Паліна Дабравольская ў сваіх сацсетках. — Пра пошук бяспечнай прасторы, яе будаўніцтва і нараджэнне.
Пра жанчыну, яе натуру, гатоўнасць схавацца і адкрытасць, сэнс быць разам«.
У праекце, які з’яўляецца міжнародным, задзейнічаны актрысы з Беларусі, Польшчы і Украіны. Артысткі, адзначаецца ў апісанні, будуць ствараць жаночыя спевы ў маналогах пад жывую музыку.
У пастаноўцы ўдзельнічаюць: Воля Піпчанка (Беларусь), Моніка Рахвалак (Польшча), Аляксандра Мірэцкая (Польшча), Ягода Ясноўска (Польшча), Маша Пятровіч (Беларусь), Валерыя Атрошкіна (Беларусь), Аляксандра Малацкоўская (Украіна).
Сцэнаграфія/відэа — Аляксандра Канончанка.
Музыка — Kacпер Словік-Дабравольская.
Харэаграфія — Антоній Юпітэр. Касцюмы — Анастасія Рабава.
Тэкст быў напісаны ананімным аўтарам.
Паліна Дабравольская — беларуская рэжысёрка, музыка і актрыса, вядомая таксама як аўтарка праекта CHORNABROVA. У 2021 годзе яна выпусціла свой дэбютны альбом «Слова»; у 2022 годзе ў Кракаве музыка прэзентавала плытку «Sarmatyja» паводле свайго аднайменнага музычнага монаспектакля па творы Марыі Мартысевіч. Як акторка ўдзельнічае ў вядомым праекце «1.8 M» у рэжысуры Івана Вырыпаева ў Новым тэатры ў Варшаве.
Komuna Warszawa (былая Komuna Otwock) — адзін з самых вядомых польскіх незалежных авангардных тэатраў. Мастацкі калектыў, які зараз дзейнічае ў будынку былой школы на вуліцы Эміліі Плятэр, 31, у формуле сацыяльна-культурнай установы, наватарскай у рэспубліканскім маштабе. Больш за 30 гадоў ён займаецца тэатрам у шырокім разуменні, які трактуецца як адкрытае месца, дзе ўзаемапранікаюць розныя культурныя дысцыпліны
Паказ спектакля «Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча» адбудзецца ў рамках рэзідэнцыі праекта Perspaktiv, які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Германіі.
Уваход на пастаноўку — вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram