Фота Аліны Мазавец.
У выдавецтве Warsztaty kultury выйшаў польскі пераклад «Канстытуцыі» Ганны Янкуты, які зрабіў паэт і перакладчык Богдан Задура.
«Мне ўсё яшчэ цяжка паверыць, што гэтая кніга сапраўды вось-вось з’явіцца — пакуль не патрымаю ў руках, не паверу да канца. Вельмі ўдзячная ўсім, хто зрабіў гэта магчымым, перадусім Богдану Задуры, які ўжо шмат гадоў працуе над прасоўваннем беларускай літаратуры ў Польшчы, рэдактарцы Ёане Бэрнатовіч і ўсёй камандзе выдавецтва Warsztaty kultury», — напісала аўтарка ў сацсетках.
Прэзентацыя кнігі з удзелам аўтаркі і перакладчыка пройдзе 3 ліпеня ў Любліне ў 17.30 па вуліцы Grodzka 7.
А напярэдадні, 2 ліпеня, там жа будзе прэзентацыя кнігі «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча па-польску, якую таксама пераклаў Богдан Задура.
«Канстытуцыя» Ганны Янкуты — «паэтычныя развагі на палях асноўнага дакумента, «летапісу катастроф» беларускай штодзённасці. Гэта спроба акрэсліць пытанні, якія ставіць перад намі сённяшні дзень, даць ім слоўнае выяўленне: чым ёсць закон, што свет робіць з чалавекам, а чалавек – са светам. Гісторыі, якім прысвечаны зборнік, пачынаюцца з Вялікага выбуху, разгортваюцца ва ўсіх геалагічных эрах і сыходзяцца ў кропцы «тут і цяпер», каб зафіксаваць момант, які мы вымушаныя пражываць», — паведамляе анатацыя кнігі.
Кнігу можна набыць тут.