«Зялёная мяжа» — такую назву мае стужка слыннай польскай рэжысёркі Агнешкі Холанд, у фокусе ўвагі якой — крызісная сітуацыя з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Поўнаметражная ігравая карціна чэшска-польска-бельгійскай вытворчасці была адабрана ў асноўны конкурс Венецыянскага кінафестывалю — сёння вядомы кінафорум аб’явіў сваю праграму.
«Зялёная мяжа» — сярод дваццаці трох удзельнікаў асноўнай праграмы. І па словах дырэктара кінафестывалю Альберта Барбера, гэта фільм, які працягвае ўвагу да тысячы людзей, якія пакутуюць на беларуска-польскай мяжы па віне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і пры поўнай абыякавасці астатняй Еўропы.
«Зялёная мяжа» распавядае гісторыю сям’і сірыйскіх бежанцаў, самотнай настаўніцы англійскай мовы з Афганістана і маладога памежніка, якія сустракаюцца на польска-беларускай мяжы падчас апошняга гуманітарнага крызісу, справакаванага прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які адчыніў дзверы краіны для мігрантаў як чорны ход для ўезду ў ЕС», — пісаў пра новы праект Агнешкі Холанд Variety.
Сцэнарый карціны, аўтарамі якога з’яўляюцца Агнешка Холанд, Габрыэла Лазаркевіч-Сецка і Мацей Пісук, не проста натхнёны рэальнымі падзеямі. «Даследаванні для фільма ўключалі сотні гадзін аналізу дакументаў, інтэрв’ю з бежанцамі, памежнікамі, жыхарамі памежжа, актывістамі і экспертамі», — адзначае Variety.
У стужцы здымалася шматнацыянальны акцёрская каманда: Джалал Альтавіл («Суседзі»), Мая Асташэўска («Цела»), Томаш Улосок («Як я стаў гангстэрам»), Бехі Джанаці Атаі («Сардэчна запрашаем»), Махамед Аль-Рашы («Аль-Хадзіра: Ангар»), Даля Наус («Уцёкі з Раккі») ды іншыя артысты.
Асноўныя здымкі карціны адбываліся ў Польшчы.
Агнешка Холанд — слынная польская рэжысёрка і сцэнарыстка, аўтарка такіх карцін як «След зверу», «У змроку», «Перапісваючы Бетховена», «Поўнае зацьменне» ды іншых, вядомая сваёй бескампраміснай грамадзянскай пазіцыяй. Мяркуем, што і ад «Зялёнай мяжы» не варта чакаць аніякіх індульгенцый ні рэжыму Беларусі, ні іншым уладам.
Адзначым, што сярод удзельнікаў асноўнага конкурсу Венецыянскага кінафестывалю таксама фільмы: Сафіі Копалы — «Прысцыла», Матэо Гароне — «Я — капітан», Дэвіда Фінчара — «Забойца», Ёргаса Ланцімаса — «Бедныя-няшчасныя», Рюсуке Хамагучы — «Зла не існуе», Люка Бесона — «Догмен» і іншых аўтараў.
80-ты Венецыянскі кінафестываль адбудзецца сёлета з 30 жніўня па 9 верасня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: