На нідэрландскім «Паўночным фестывалі» (Noordelijk Film Festival) ў Леўвардэне пакажуць дзве карціны пра беларусаў.
У асноўны конкурс кінафоруму — «Паўночны фокус» — трапіла драмедзі беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» і драма аўстрыйска-нямецкага творчага дуэта Эльзы Крэмсер і Левіна Пэтэра «Белы слімак».
Каманда нідэрландскага конкурсу прадстаўляе «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» так:
«У гэтым дасціпным малабюджэтным фільме вас чакае падарожжа па мінскім андэграўндзе, поўным эксцэнтрычных персанажаў, — камічны квэст у духу Арфея і Эўрыдыкі. Рэжысёр Юрый Сямашка, сам беларускі эмігрант, спалучае гумар, анімацыю і паэзію ў гэтым цудоўным партрэце творчага пакалення, якое адчайна шукае сэнс і блізкасць, у той час як палітычная рэальнасць рэпрэсіўнай сістэмы пастаянна бурліць пад паверхняй».
Нагадаем, што галоўную ролю ў стужцы іграе музыка Вячаслаў Кміт. А прэм’ера кіно Юрыя Сямашкі адбылася на Берлінале-2025 — карціна была адзначана прызам журы чытачоў часопіса Tagesspiegel.
Драма «Белы слімак» распавядае пра адносіны паміж зусім рознымі людзьмі, якія жывуць у начным Мінску.
«Амаль празрыстая Маша марыць пра паспяховую кар’еру мадэлі ў Кітаі і імкнецца да фізічнай дасканаласці. А Міша — таямнічы мастак, які працуе па начах у моргу і штодзённа сутыкаецца са смяротнасцю.
Іх сустрэча, першая як для персанажаў, так і для акцёраў, становіцца паваротным момантам: яна прымушае Машу пераасэнсаваць сваю апантанасць прыгажосцю, а самотны Міша перажывае нечаканую сувязь. Тое, што пачынаецца як стрыманая дружба, перарастае ў адносіны, якія цалкам пераварочваюць іхнія светы, дазваляючы ім зразумець, што яны не самотныя, і адначасова ствараючы момант супраціву сацыяльнай ізаляцыі і стыгматызацыі», — прэзентуюць стужку праграмныя дырэктары кінафоруму.
Мадэль Марыя Імбро і працаўнік морга ды мастак Міхаіл Сянькоў, вядомы пад псеўданімам «А. Р. Ч», — галоўны акторскі дуэт фільма, што стварае яму славу. Толькі ўлетку на швейцарскім міжнародным кінафестывалі ў Лакарна беларусы атрымалі «Леапарда» за акторскую ігру, а карціна была адзначана спецыяльным прызам журы.
Цікава тое, што гэтыя дзве стужкі былі адабраны на фестываль, які факусуецца на кінематографе паўночных краін, і зараз па сутнасці спаборнічаюць за перамогу ў адным конкурсе.
Фільм Юрыя Сямашкі можна будзе паглядзець на фестывалі 7 і 8 лістапада.
А стужка дуэта Эльзы Крэмсер і Левіна Пэтэра будзе дэманстравацца на форуме 8 і 9 лістапада.
«Паўночны фестываль» ладзіцца ў горадзе Леўвардэн (Leeuwarden) — гэта сталіца правінцыі Фрысландыя і адзін з буйных фестываляў у Нідэрландах, які спецыялізуецца на кінематографе з Паўночнай Еўропы. Cёлета падзея адбудзецца ў 45-ты раз з 5 па 9 лістапада.
Набыць квіткі на сеансы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram