«Тыгр у садзе». У Варшаве рыхтуецца выстава ўкраінскай мастачкі Марыі Прымачэнка

Культура
Марыя Прымачэнка. Фантастычная істота. Фото: vechirniy.kyiv.

Марыя Прымачэнка (1909-1997)  – прадстаўніца «наіўнага мастацтва», адна з самых яркіх творцаў Украіны.

Яе творы здзіўлялі мастацкі свет і экспанаваліся ў Францыі, Канадзе, Польшчы, Расіі, Германіі і ў іншых краінах. У 1937-м працы Марыі выстаўляліся на міжнароднай выставе ў Парыжы.

А ў траўні 2022-га творы мастачкі сталі часткай галоўнай праграмы Венецыянскай біенале, а пра яе напісалі галоўныя медыя свету ад The Guardian да The Times.

Мастачка перажыла Галадамор, Другую сусветную вайну і чарнобыльскую ядзерную катастрофу, падчас расійскага ўварвання згарэў Іванкаўскі краязнаўчы музей пад Балотняй, вёскай, дзе Марыя Прымачэнка пражыла больш за 60 год, нікуды не выязджаючы. Частку прац  мастачкі ўдалося ўратаваць.

На выставе пад назвай «Тыгр у садзе. П’еса Марыі Прымачэнка» пакажуць гуашы, створаныя аўтаркай з 1982 па 1994 год, узятыя з прыватнай калекцыі Эдуарда Дымшыча. Гэта першая ў Польшчы такая шырокая прэзентацыя творчасці аўтаркі.

«Тыгр у садзе». У Варшаве рыхтуецца выстава ўкраінскай мастачкі Марыі Прымачэнка
Малпачка, якая грае на жалейцы. Фото: vechirniy.kyiv

Выстава атрымала такую назву, бо сад і тыгр – два супрацьлеглыя канцэпты яе творчасці. Сад уяўляе сабой прыроду, якая гарманічна суіснуе з чалавекам, а тыгр — сімвал таямнічага, мудрагелістага і дзікага.

У сваёй творчасці Марыя Прымачэнка паказвала адносіны паміж чалавекам і прыродай, абапіраючыся на народныя традыцыі роднага Палесся, поўныя сімвалаў і метафар. Яна малявала фантастычных істот і птушак, а тасама ачалавечаных істотаў, з галовамі, павернутымі да гледача і целамі ў профіль. У гэтых творах закладзена мноства алегорый, часам —  маральных пастулатаў. Напрыклад, пасля чарнобыльскай катастрофы Прымачэнка таксама стварыла працы, звязаныя з атамнай пагрозай і вайной. Мастачка марыла, «каб людзі жылі так, як квітнеюць кветкі», а ў сваіх творах увасабляла жаданне гарманічнага суіснавання чалавечага і нечалавечага светаў.

Свае пасланні аўтарка ўвасабляла і ў словах: да сваіх прац дадавала кароткія паэтычна-апісальныя назвы, што расшыфроўваюць змест вобразаў або з’яўляюцца прысвячэннямі ці пажаданнямі, таксама гэта маглі быць апрацаваныя цытаты з народных песень.

Куратар выставы — Шымон Маліборскі.

Выстава «Тыгр у садзе. П’еса Марыі Прымачэнка» будзе працаваць у Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве з 23 сакавіка па 29 чэрвеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: