«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай — фотафакт

Культура
"Стэндап на дзвюх мовах" распачынае беларус Антон Дзюбайла. Фота: В.А.

Ва ўроцлаўскім Wędrówki Pub 2 лістапада адбыўся «Стэндап на дзвюх мовах». Беларуская і ўкраінская публіка атрымала порцыю разнастайнага і вострага гумару ад беларускіх артыстаў Міхася Ільіна, Антона Дзюбайлы і ўкраінскага коміка Алега Грундзіка.

Выступленне, якое аб’яднала «тры комікі, дзве мовы і адну мэту — прымусіць вас смяяцца да слёз», карысталася папулярнасцю. Як адзначыў Антон Дзюбайла, шоу адносна свежае. А той факт, што ў дажджлівы нядзельны вечар ва ўроцлаўскі паб са сцэнай у духу фільмаў Лінча дабралася прыстойная колькасць людзей, сведчыў: прапанова ў выглядзе двухмоўнага стэндапу сапраўды заінтрыгавала.

«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Выступае Антон Дзюбайла. Фота: В.А.

«Паапладуйце, калі ласка, калі ў зале ёсць беларусы. А цяпер — украінцы, — звярнуўся да залы Антон. — Я так разумею, што па гучнасці апладысментаў рэакцыя падобная, але ў зале беларусаў — чалавек 40, а ўкраінцаў — 4», — выдаў ён першы жарт.

«Калі жартуеш, украінцы заўжды адгукаюцца, маўляў, давай яшчэ, — прадоўжыў комік, адзначаючы тэмперамент украінскага гледача. — Беларусы спачатку ўважліва паслухаюць, потым тры месяцы паразважаюць, і далей ужо могуць і пасмяяцца», — «прайшоўся» па рознасці нацыянальных характараў комік. Выступленне Антона Дзюбайлы можа назваць найбольш універсальным па пасыле, адрасаваным да самай рознай аўдыторыі.

«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Выступае Антон Дзюбайла. Фота: В.А.

Стэндап Міхася Ільіна быў ужо іншым: тонкім, (сама) іранічным, больш звернутым для беларускага культурнага кантэксту (але і з жартамі, зразумелымі ўкраінцам). Запомніўся такі амаль «унутраны» жарт: «Давайце ўявім, што Янка Купала — гопнік. Прыходзіш на раён, а ён такі да цябе: «Хто ты гэткі? Свой? Тутэйшы?» (вымаўляе з адпаведнай інтанацыяй).

«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Жартуе Міхась Ільін. Фота: В. А.
«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Фота: В. А.

Алег Грундзік у сваю чаргу заняў нішу дзёрзскага sexy-коміка, для якога не існуе паняцця паліткарэктнасць. Самае нявіннае, што можна пераказаць з выступу, гэта жарт ад артыста пра беларускую мову. Маўляў, калі ўкраінец яе чуе, то не можа пазбавіцца адчування, што гэта яго сваяк крыху выпіў і намагаецца сказаць тост. «Тое самае, мяркую, чуюць і беларусы, калі хтосьці размаўляе на ўкраінскай, — пажартаваў ён. — І гэта падабаецца». Стэндап украінца можа апісаць як «татальны», бо тут вылучэнне нейкага асобнага досціпу — гэта, лічы, скандал, вырыванне з цалкам непаліткарэктнага, але жывога, абсурднага кантэксту.

«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Алег Грундзік. Фота: В. А.
«Тры комікі. Дзве мовы»: ва Уроцлаве прайшоў стэндап на беларускай і ўкраінскай - фотафакт
Фота: В. А.

Уроцлаўскай публіцы паўтарагадзіннае шоу прыйшлося даспадобы.

Я цудоўна прабавіла час. Было вельмі смешна. Беларускі стэндап актыўна развіваецца апошнім часам, на маю думку, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад канцэрту беларуска Вольга. — Украінская мова не стала для мяне перашкодай для разумення жартаў, фармат двухмоўнага стэндапу спадабаўся.

І яшчэ захацелася пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка Сашы Філіпенкі, пра якога столькі распавядаў на канцэрце Міхась Ільін, — дадала дзяўчына.

Сачыць за новымі выступамі беларускіх і ўкраінскіх комікаў можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости