Беларусы пачалі выкладваць у сацсеткі свае кубкі ды дзяліцца іх гісторыямі і жартаваць.
Усё распачалося на днях з пастоў у твітары, калі карыстальнікі сацсетак заўважылі падчас навагодняга відэазвароту Святланы Ціханоўскай прыгожы кубак на стале і выявілі яго кошт. Амаль 22 еўра, — пазначыў хтосьці, а далей, што называецца, «паняслося». У адрас Офіса Святланы Ціханоўскай тут жа пасыпаліся папрокі ў нерацыянальным расходаванні грошай, пытанні пра тое, куды ідуць грошы ЕС, да справу далучыліся хейтары.
Аднак многія беларусы палічылі тыя абвінавачанні ў адрас беларускай лідаркі бздурай і запусцілі жартаўлівы флэшмоб з выявамі «надта дарагіх» кубкаў.
Так, учора Ганна Севярынец выклала ў Facebook выяву свайго кубку за «20 еўра».
«Пхе, кубак за дваццаць еўра) У мяне вунь які ёсць) Кобальтавая сетка, імператарскі фарфоравы завод) Шчасце хейтараў)», — напісала пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры. У пасце спадарыні Ганны людзі ў каментарах пачалі дзяліцца фотаздымкамі сваіх кубкаў.
«А ў мяне [кубак ]за 50 даляраў, распісаны рэальнымі птушкамі. Аўтарства ангельскай мастачкі. То я ўжо чайны алігарх», — падзялілася выявай свайго посуду пісьменніца Святлана Курс.
«З гэтага кубка п’е каву мой муж. А падарылі ж мне. Мо гэта нешта значыць», — з’іранізавала Таццяна Гардзеенка.
«У нас гэтых villeroy&bosh — цэлая гуталінавая фабрыка», — пажартавала карыстальніца Zhanna Noginà.
Сёння сваім кубкам у Facebook падзяліўся пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
«Апошні год п’ю каву з такога. Прыемна, што старажытныя рымляне адмовіліся нарэшце ад каляніяльнай назвы «Ruthenia Alba» і пачалі ўжываць правільны назоў: Belarus. Ня менш прыемна глядзець на трэшчыну ў кубку, якая зьявілася ня так даўно і сымбалізуе, напэўна, тыя самыя «aspera». Да таго ж надпіс на кубку наводзіць на філязофскія думкі пра тое, што Беларусь — толькі перавалачны пункт у зорным падарожжы чалавека, — распавёў яго гісторыю аўтар «Сабак Еўропы», «Апошняй кнігі пана А», «Дзяцей Аліндаркі» ды іншых твораў.
Успамінаюцца тут і Багдановіч, і Кант... Карацей, цікавы кубак. Дастаўся ён мне бясплатна — як падарунак госьцю варшаўскай студыі Эўрарадыё пасьля запісу перадачы «Ідэя Х» […]»
Як яшчэ ўчора дала каментар прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай Настасся Касцюгова, той самы «надта дарагі» кубак на святочным стале ў відэазвароце належыць не беларускай лідарцы. Гэта посуд гаспадара кватэры, дзе адбываліся здымкі навагодняга віншавання. Адказ спадарыні Настассі справакаваў людзей на новыя жарты. Усю сітуацыю з рэакцыяй на кубак называюць ужо не іначай як «Кубак Ціханоўскай-2023».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: